Конкурс прыгажосці «Міс Беларусь — 2018» прайшоў 4 мая на сцэне мінскага Палаца спорту. Карона першай прыгажуні краіны дасталася мінчанцы Марыі Васілевіч, гродзенка Маргарыта Мартынава стала Першай віцэ-міс і атрымала буйны грашовы прыз.

Уладальніцы тытула «Міс Беларусь — 2018» уручылі пераходную карону з белага золата, фіянітаў і тапазаў, 12 250 рублёў і пазадарожнік Geely Atlas.

Буйныя грашовыя прызы атрымалі таксама першая і другая віцэ-міс.

Першая віцэ-міс — 22-гадовая Маргарыта Мартынава, якая родам са Слоніму. Апошнія гады дзяўчына жыве ў Гродне і вучыцца ва ўніверсітэце імя Купалы. Дарэчы, у Маргарыты ўжо ёсць тытул «Міс Гродна — 2017».

Яшчэ адну гродзенку Караліну Барысевіч адзначылі на конкурсе — паводле рашэння журы яна атрымала тытул «Міс фота».

Усяго на тытул «Міс Беларусь — 2018» прэтэндавалі 30 дзяўчат ад 18 да 24 гадоў. Нацыянальны конкурс прыгажосці праводзіўся ўжо 11-ы раз.