Петыцыя, што тычыцца гарадской прасторы Гродна, з’явілася на партале «Удобный город. Petitions.by» 30 красавіка. Гэтым разам нераўнадушныя грамадзяне прапануюць дэмантаваць помнік Леніну з аднайменнай гарадской плошчы. Пасля збору подпісаў петыцыю збіраюцца накіраваць у Гродзенскі гарвыканкам.

«У сучаснай Беларусі на галоўных плошчах гарадоў не павінна быць месца помнікам В.І. Леніну», — мяркуюць аўтары петыцыі. — Яго асоба для Беларусі цалкам і для горада ў прыватнасці не мае ніякай гістарычнай і культурнай каштоўнасці".

Як адзначаюць аўтары петыцыі, ва ўсіх суседніх краінах, апроч Расіі, ужо прайшла дэкамунізацыя гарадской прасторы і помнікі Леніну былі дэмантаваны.

«Горад Гродна з’яўляецца бязвізавым горадам для наведвання замежнымі грамадзянамі, то многім турыстам таксама не зразумела, у чым сэнс дадзенага помніка, што знаходзіцца ў цэнтры горада і ніяк не звязаны з яго гісторыяй».

Тым больш, што ў горадзе дастаткова мясцовых герояў і вядомых людзей, а таксама гістарычных тапонімаў.

[irp posts="38 819″ name="Напярэдадні Чырвонага дня календара: таямнічае жыццё Леніна ў Гродне"]

Дэмантаж помніка Леніну, такім чынам, будзе спрыяць пазітыўнаму іміджу горада і прыдасць гарадской прасторы больш арганічны выгляд, лічаць аўтары.

Лёс тэрыторыі плошчы і таксама пытанні яе перайменавання трэба вырашаць праз абмеркаванне з жыхарамі горада, лічаць аўтары петыцыі.

Азнаёміцца з тэкстам петыцыі можна тут.


«Удобный город" — гэта некамерцыйная вэб-платформа, дзе грамадзяне ствараюць звароты ў дзяржаўныя органы і арганізацыі і збіраюць подпісы пад імі. Галоўныя мэты праекта — заахвоціць грамадзян да ўдзелу ў вырашэнні мясцовых праблем, павысіць падсправаздачнасць мясцовых органаў улады і спрыяць развіццю адкрытага дыялогу паміж грамадзянамі і прадстаўнікамі ўлады на мясцовым узроўні.