Нацыянальны статыстычны камітэт паведаміў, што на Гродзеншчыне перавыканалі план па працаўладкаванні - нібыта працу знайшлі 5 272 асобам. Пракуратура ж, правёўшы праверку, высветліла, што працоўныя месцы ствараліся фіктыўна.
«Арганізацыі адлюстроўвалі ў статыстычных справаздачах звесткі аб стварэнні дадатковых працоўных месцаў, якія ў рэчаіснасці не звязаныя з новымі вытворчасцямі і прадпрыемствамі. Яны выконвалі даведзеныя паказчыкі фармальнымі спосабамі,» — паведамляе Генпракуратура РБ.
Да прыкладу, у Дзятлаўскай раённай ветэрынарнай станцыі на 5 дадаткова уведзеных працоўных месцаў перавялі людзей з гэтай жа арганізацыі. У Слоніме падобная сітуацыя.
У яслях-садзе ў Навагрудку і КСУП «Пархімаўцы» Бераставіцкага раёна на 2 сумешчаныя пасады прынялі аднаго чалавека.
Фіктыўна выконвалі паказчыкі таксама ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Навагрудскага і Ашмянскага раёнаў, СКУП"Волпа" Ваўкавыскага раёна, філіяле «Смаргонская птушкафабрыка», ААТ «Лідахлебапрадукт». Там уладкавалі людзей на часовыя работы «у сувязі з вытворчай неабходнасцю».