Два тыдні спатрэбілася гродзенскім мастакам Аляксандру і Дзмітрыю, каб аднавіць 40-метровую панараму Гродна ля падножжа Новага замка. Малюнак атрымаўся практычна такі ж, як быў тры гады таму.
Змест панарамы гарадскія ўлады вырашылі не змяняць. Эскіз яшчэ ў 2015 годзе быў узгоднены з Гродзенскім абласным мастацка-экспертным саветам.

Нагадаем, першы малюнак на падпорнай сцяне пратрымаўся да 2017 года. Пасля выяву прыбралі і ў тым жа годзе рабочыя залаталі шчыліны і зрабілі ліўнёўку, каб вада не злівалася на новы малюнак. Усю сцяну зацягнулі будаўнічай сеткай і нанова патынкавалі. Мастакі пачалі аднаўляць малюнак на чыстай 14 красавіка 2018 года .
“Два тыдні ў нас пайшло на аднаўленне панарамы. Ёсць нязначныя змены, але яны непрыкметныя. – распавядае Аляксандр. – У цэлым было камфортна працаваць і цяжкасцяў не ўзнікла, за выключэннем надвор’я. На наш погляд, панарама горада выканана добра. Спадзяемся, што ў гэты раз яна пратрымаецца даўжэй – будаўнікі пастараліся ў падрыхтоўцы сцяны. Хочам сказаць дзякуй гарадскім уладам, што зноў звярнуліся да нас па дапамогу. Нам прыемна.“.
Хлопцы адзначаюць, што зараз яны адкрыты да любых овых праектаў. Іх можна знайсці тут.




