Футбалісты “Нёмана” на сваім полі ў суботу 28 красавіка пацярпелі першую паразу ў чэмпіянаце. Гродзенцы прапусцілі ад мінскага “Дынама” два безадказных мячы.

Госці адкрылі лік на 23-й хвіліне: Хвашчынскі пасля навеса ўдала прабіў галавой і Жураў не змог выцягнуць гэты мяч. Падвоілі сваю перавагу мінчане ў самым канцы другога тайма – на 89-й хвіліне, калі Нікаліч далёкім ударам адправіў мяч пад перакладзіну варот “Нёмана”.

Былі добрыя моманты ў матчы і ў гаспадароў, праўда рэалізацыя пакідала жадаць лепшага. Але варта адзначыць, што гродзенская дружына зараз мае вялікія праблемы са складам,  многія гульцы траўміраваныя.

“Нёман” – “Дынама-Мiнск”— 0:2

Ігар Кавалевіч пасля матчу: Не забіваеш ты – забіваюць табе. Мы на старце матчу стварылі добрыя моманты, але не рэалізавалі іх. Затым прапусцілі гол. Думалі, што выратуем гульню, але ёсць у нас некаторыя праблемы. Новая цалкам цэнтральная вось. Гулялі з адным з лідэраў чэмпіянату. Папракнуць хлопцаў у адсутнасці самааддачы я не магу. Тыя хлопцы, што выйшлі – паказалі ўсё, на што яны здольныя. Не хапіла дзесьці майстэрства, дзесьці шанцавання.

Пасля пяці тураў “Нёман” размясціўся на 9-м месцы з 6 ачкамі ў актыве.

Наступны тур у чэмпіянаце “Нёман” правядзе 5 мая ў Гарадзеі, дзе будзе сустракацца з мясцовай камандай. А ў сераду 2 мая гродзенцы правядуць у Гродне другі матч Кубка Беларусі супраць БАТЭ. Нагадаем, першы матч завяршыўся перамогай барысаўчан з лікам 2:0.