Аб смерці Альгіса Дзіргінчуса напісаў у фэйсбуку гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч раніцай 27 красавіка: «Вялікая страта для Гродна і велізарная для літоўскага Гродна. Памёр Альгіс Дзіргінчус — шматгадовы кіраўнік гродзенскага культурнага таварыства „Тэвіне“ („Бацькаўшчына“)».
Альгіс Дзергінчус прыехаў у Гродна з Вільні ў 1960-х гг., закладаў гродзенскае тэлебачанне. Аляксандр Мілінкевіч у каментарах да допісу ўзгадвае, як «напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя разам рабілі першыя ў Гародні КВЗ на тэлебачанні і адраджалі нацыянальныя суполкі».
Большасці гродзенцаў Альгіс Дзіргінчус вядомы па фільму «Мы — гарадзенцы», знятым у 1974 годзе.
Як узгадваў Альгіс у 2014, прафесійную камеру для здымак пазычалі ў Кіеве, бо тэлебачанне ў Гродне было аматарскім. Супрацоўнікі атрымлівалі асновы рэжысуры ў гарадзенскім культасветвучылішчы, астатняму вучыліся на практыцы.
У фільме можна пабачыць вядомых гарадзенцаў, напрыклад Васіля Быкава. Па словах Дзіргінчуса, яго даводзілася доўга ўгаворваць. На наступных кадрах — зусім маладая Вольга Корбут і яе трэнер Рэнальда Кныш. У кадр патрапіла мноства невядомых мінакоў на вуліцах, а на прадпрыемствах — перадавікі.
www.youtube.com/watch?v=6O0vgfBRezs
Па словах Андрэя Вашкевіча, пры апошняй сустрэчы з Альгісам у сакавіку 2018 той распавядаў аб планах зняць фільм пра супольнае беларуска-літоўскае мінулае Гродна. Нажаль, гэтым планам не суджана ўжо спраўдзіцца.
Рэдакцыя Hrodna. life выказвае спачуванні родным і блізкім Альгіса Дзіргінчуса.