У мінулым годзе на Аўгустоўскім канале праклалі каля 60−70 кіламетраў новых роварных маршрутаў. У гэтым годзе тут рэалізуюць міжнародны велапроект, на які выдзеляць каля 200 тысяч еўра. Маршрут «Август Вело» стане працягам міжнароднага веламаршрута GREEN VELO і далучыць да яго Гарадзеншчыну.
— Праект рэалізуецца разам з палякамі. «Август вело» злучыць пункт пропуску «Лясная — Рудаўка» і Гродна. Ён пройдзе па цікавых турыстычных месцах, а таксама праз такія населеныя пункты, як Сапоцкін, Радзівілкі і іншыя, — распавёў «Гродзенскай праўдзе» начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Алег Андрэйчык.
У межах стварэння маршруту плануюць абсталяваць пункт пракату ў Сапоцкіне, сучасныя пункты абслугоўвання ровараў. Сам маршрут будзе прамаркіраваны ў адпаведнасці з міжнародным стандартам. Ён будзе сертыфікаваны і стане часткай сеткі еўрапейскіх веламаршрутаў. Для рэалізацыі праекта беларускі бок атрымае каля 200 тысяч еўра.
[irp posts="58 861″ name="На Аўгустоўскім канале з’явяцца дзве яхты, рэстаранны комплекс і арэнда маторнай лодкі"]
Па праектах трансгранічнага супрацоўніцтва запланавана рэканструкцыя больш за 20 кіламетраў дарог у раёне Аўгустоўскага канала. Там таксама з’явяцца веласіпедныя дарожкі. У Лідзе плануюць пракласці роварную дарожку працягласцю каля 12 кіламетраў - таксама пры падтрымцы ПРААН. Яна павінна адкрыцца да дня горада Ліды.
— Цікавасць людзей да веларуху сёння велізарная, але пакуль адстае інфраструктура, — справядліва адзначыў Алег Андрэйчык. — Аднак цяпер мы шмат робім. Сёння ў вобласці больш за 300 кіламетраў роварных маршрутаў, павялічваецца працягласць веладарожак.
Таксама прапрацоўваюць пытанне ўстаноўкі ў Гродне стацыянарных пунктаў пракату ровараў, якія ёсць у краінах Еўропы. Скарыстацца роварам змогуць усе ахвотныя, на месцы аплаціўшы пракат.