“Гродзенская Ратуша 1784” – новы габелен майстаркі ткацтва з Алены Шунейка. Габелен памерам 105 х 190 сантыметраў майстарка ткала больш за год. Плён працы яна прадставіла ў Цэнтры народнай творчасці 25 красавіка. Зараз пабачыць ратушу можа кожны наведвальнік установы.

Па словах майстаркі, яна імкнулася паказаць старадаўні цэнтр горада, які часткова захаваўся да нашых дзён. У цэнтры кампазіцыі – герб горада з выявай аленя Святога Губерта, Гродзенская ратуша, пабудаваная ў 1784г. у стылі класіцызму, за ёй – Фара Вітаўта XIV ст., побач – Фарны касцёл, сквер, будынкі цэнтра горада і іншыя пабудовы. Уся кампазіцыя знаходзіцца на фоне узыходу сонца.Унікальны твор выкананы традыцыйнай тэхнікай аднабаковага пераборнага ткацтва. Гэты від ткацтва з’яўляецца ўзорам нематэрыяльнай культурнай спадчыны і занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.



