Дзясяткі прадметаў-экспанатаў, зробленых калісьці на гродзенскiх прадпрыемствах, сабралі разам і паказалі грамадскасці на выставе «Зроблена ў Гродне». Яна адкрылася 20 красавіка ў Старым замку.
Папярэднікам выставы была кніга «На Гродзенскiм бруку», якую Андрэй Вашкевіч выдаў разам з Віктарам Саяпіным у 2016 годзе. Праз два гады ў Старым замку адкрылася выстава, экспанаты для якой у музеі збіралі на працягу многіх гадоў. Выстава распавядае пра прамысловасць горада з XIX ст. да першай паловы XX ст., пра вядомыя прадпрыемствы, якія існавалі тады, і пра іх прадукцыю.
«Калі кніга выйшла, я ўжо на той момант збіраў экспанаты для выставы. У гэтым мне дапамагалі як калекцыянеры і музейныя работнікі, так і звычайныя гродзенцы. Так што ўсім дзякую, хто дапамагаў у стварэнні выставы», — распавядае яе аўтар Андрэй Вашкевіч.
Выстава ў Старым замку працягнецца да восені.