Дзясяткі прадметаў-экспанатаў, зробленых калісьці на гродзенскiх прадпрыемствах, сабралі разам і паказалі грамадскасці на выставе «Зроблена ў Гродне». Яна адкрылася 20 красавіка ў Старым замку.
Папярэднікам выставы была кніга «На Гродзенскiм бруку», якую Андрэй Вашкевіч выдаў разам з Віктарам Саяпіным у 2016 годзе. Праз два гады ў Старым замку адкрылася выстава, экспанаты для якой у музеі збіралі на працягу многіх гадоў. Выстава распавядае пра прамысловасць горада з XIX ст. да першай паловы XX ст., пра вядомыя прадпрыемствы, якія існавалі тады, і пра іх прадукцыю.
«Калі кніга выйшла, я ўжо на той момант збіраў экспанаты для выставы. У гэтым мне дапамагалі як калекцыянеры і музейныя работнікі, так і звычайныя гродзенцы. Так што ўсім дзякую, хто дапамагаў у стварэнні выставы», — распавядае яе аўтар Андрэй Вашкевіч.
[irp posts="56 681″ name=" Нёман": польскі матацыкл з беларускім характарам, пра які не любяць узгадваць"]
«Гэтай выставай мы хочам расказаць пра штодзённае жыццё гродзенцаў праз прызму эканомікі. Праз тое, што гродзенцы на працягу многіх гадоў стваралі сваімі рукамі. Пачынаючы ад самых банальных рэчаў, як будаўнічы матэрыял, і заканчваючы прадукцыяй былых тытунёвай і пераплётнай фабрык, піўзавода, кафлярні і іншыя. За кожным такім прадпрыемствам хаваецца свая гісторыя, якую мы пастараліся хоць трохі ўзнавіць», — дадаў Вашкевіч.
Выстава ў Старым замку працягнецца да восені.
[irp posts="35 279″ name="Гродзенская калода Лапіных цяпер прадстаўляе Беларусь у міжнароднай супольнасці калекцыянераў ігральных карт"]