25 красавіка гарадзенскія курсы беларускай мовы “Мова Нанова” правядуць заняткі ў фармаце паэтычнай вечарыны. Госцем будзе вядомы паэт і перакладчык Віталь Рыжкоў. Гэта будзе яго трэці выступ у Гародні. 

– “Еду з пэўнай перасцярогай, вядома, як і належыць ехаць у госці да гарадзенцаў кожнаму магілёўцу. Буду спрабаваць замаскіраваць рускі акцэнт, перагар ад русскай водкі і камуністычныя перакананні, хоць і не маю іх. Чакаю, у сваю чаргу, што і шаноўныя гаспадары не будуць дужа яўна правяраць мяне лічыльнікам Гейгера, а, можа быць, нават перавядуць мабільнікі на час выступа ў рэжым вібрацыі. Еду, вядома, і з намерам чарговы раз пераканацца, што чым заходней, тым менш пахіленых платоў, больш дагледжаных гаспадарак, а людзі — больш ветлівыя і інтэлігентныя,” – дзеліцца настроем і чаканнямі Віталь Рыжкоў.

Чытайце яшчэ:  Найбольш слухачоў хадзіла на Вольскага, найменш – у маразы: курсы “Мова Нанова” ў Гродне адзначылі 4 гады

Віталь кажа, што вымаўляючы назву горада ў прысутнасці гарадзенца, быццам бы ідзе па мінным полі. Гародня, Горадня ці Гродна?

– “Страшна памыліцца шторазу. Відаць, у кожнага сваё — і назва, і ўяўленне. У мяне асноўнае ўражанне, што гэта вельмі прыгожы горад. Але найчасцей я думаю пра саміх гарадзенцаў, якія любяць свой горад. Вельмі шчыра. З жарсцю і рэўнасцю. З такім патрыятызмам і адданасцю, якім можна хіба пазайздросціць,” – расказвае Віталь.

На курсах ён паспрабуе разбурыць стэрэатыпы пра паэзію, літаратурныя выступы і людзей з усходу Беларусі.

Заняткі пройдуць 25 красавіка а 19:00 ў “Партале” (Вял.Траецкая, 31). Уваход вольны.

Даведка: 
Віталь  Рыжкоў нарадзіўся ў Магілёве 28 красавіка 1986, жыве ў Мінску. Аўтар кнігі вершаў “Дзверы, замкнёныя на ключы”. Лаўрэат прэміі “Дэбют” імя М.Багдановіча (2011), прэміі часопіса “Дзеяслоў” (2008). Фіналіст конкурсаў беларускага ПЭН-цэнтра да стагоддзя газеты “Наша Н**а” (Мінск, 2007), імя Карласа Шэрмана (Мінск, 2009).

https://www.youtube.com/watch?v=FoSkmdt-KeE