21 красавіка стартуе 6-ы сезон уборак несанкцыянаваных звалак «Зробiм!». Завяршэннем сезона стане вялікая ўборка 15 верасня — гэта будзе Дзень глабальнай уборкі, калі на акцыю адначасова выйдуць удзельнікі руху са 150 краін.
Спачатку валанцёры пачнуць актыўна шукаць смецце ў лясах, на берагах рэк і азёр і наносіць іх на адмысловую карту. А таксама фармаваць каманды і наладжваць сувязі з мясцовымі органамі ўлады.
— У гэтым годзе мы вырашылі сканцэнтраваць усе сілы вакол Дня сусветнай уборкі, які адбудзецца 15 верасня. Па задумцы міжнародных арганізатараў у гэты дзень па ўсёй планеце пройдуць акцыі ўборак. І важны ўнёсак кожнага чалавека, кожнага актывіста са 150 краін-удзельніц глабальнага руху, — каментуюць у аргкамітэце «Зробім!».
Нягледзячы на тое, што глабальная ўборка будзе толькі ў верасні, праводзіць невялікія лакальныя акцыі можна напрацягу ўсяго цёплага сезону.
Асабліва важна памятаць, што вясной пачынаецца перыяд гнездавання ў шматлікіх птушак, некаторыя з іх робяць гнёзды ў смецці. Таму неабходна быць вельмі асцярожнымі пры маніторынгу месцаў, асабліва каля вады, і памятаць пра парады арнітолагаў, як не нашкодзіць крылатым.
Даведка:
«Зробім!» — беларуская частка міжнароднага руху «Let's do it!», якая дзейничае з 2012 года. Самым масавым стаў сезон 2016 года, у якім паўдзельнічалі каля 24.000 чалавек і было сабрана 690 м³ смецця.