У Гродне будуць судзіць намесніка гендырэктара «Гроднаэнерга». З 2014 па верасень 2017 гады ён атрымліваў хабары ад пастаўшчыка абсталявання, а таксама выдаў інфармацыю, якая з’яўляецца службовай таямніцай.
Намеснік кіраўніка ўступіў ў змову з прадстаўнікамі ТАА і дапамагаў ім перамагаць у працэдурах закупак абсталявання, якія праводзяцца «Гроднаэнерга». Ён інфармаваў зацікаўленых асобаў пра абсталяванне, якое мяркуюць закупаць, аб прапановах, якія паступаюць ад іншых суб’ектаў, а таксама даваў інфармацыю пра ўдзельнікаў і заяўленыя імі цэны.
Агулам за гэта ён атрымаў амаль 14 тысяч рублёў, паведамляе Следчы камітэт.
Таксама, маючы доступ да дзяржаўных сакрэтаў, намеснік вырабіў светакопію дакумента са звесткамі, якія з’яўляюцца службовай таямніцай, і паказаў яе чалавеку, які такога доступу не мае.
Цяпер абвінавачаны ўтрымліваецца пад вартай. Следчыя арыштавалі яго маёмасць — нерухомасць, амаль 31 тысячу долараў і больш за 5 тысяч рублёў, калекцыю дарагіх манет і інш.