У Гродне прайшоў «Тыдзень перасялення». Беспрацоўным прапаноўвалі працу і жыллё ў іншых гарадах і ў вёсках. Але ахвотных не знайшлося.

Дзяржава аказвае добраахвотным перасяленцам грашовую дапамогу — 1400 рублёў, калі хтосьці пераедзе ў іншы горад, і 1800 рублёў - калі ў сельскую мясцовасць. Грошы вяртаць не трэба. Адзіная ўмова: на новым месцы трэба адпрацаваць не менш за год, піша NAVINY.BY.

Дарэчы, беспрацоўныя з іншых месцаў, наадварот, могуць перабрацца ў Гродна, калі знойдуць вакансію, якая забяспечваецца жыллём. Адзін іншагародні беспрацоўны магчымасць выкарыстаў: атрымаў у аўтобусным парку працу і інтэрнат.

У 2016−2017 гадах па тры сям'і кожны год пакідалі Гродна, знайшоўшы працу з жыллём у іншым месцы. У гэтым годзе такіх выпадкаў пакуль не было.

У інтэрнэце існуе агульнарэспубліканскі банк вакансій. Попыт і прапановы нярэдка разыходзяцца. Перш за ўсё патрабуюцца лекары, кіроўцы, медсёстры, прадаўцы, кухары. А шукаюць часцей месца падсобнага рабочага, эканаміста, бухгалтара, грузчыка, інжынера.

«Тыдзень перасялення» у Гродне скончыўся. Перасяляцца ніхто не захацеў

«Тыдзень перасялення» праводзіцца раз у месяц. У гэты раз за дзень прыходзіла па восем-дзесяць чалавек, хто цікавіўся перспектывамі атрымаць працу ў іншым месцы.

Напрыклад, адзін з наведвальнікаў прызнаўся, што ў яго ідзе шлюбаразводны працэс, таму ён зацікавіўся магчымасцю перасялення. Перш за ўсё такі варыянт можа падыходзіць тым, хто не мае жылля.

Па афіцыйных дадзеных на пачатак красавіка, у Гродна на ўліку стаіць больш за тысячу беспрацоўных, сярод іх больш за 70% - мужчыны.