Чацвёрты вяровачны парк плануюць адкрыць у Гродне бліжэй да чэрвеня 2018. Ён размесціцца ў цэнтры Гродна – у раёне Швейцарскай даліны – і будзе сезонным. Чаму заказчыкі папрасілі ў горада менавіта гэтае месца, даведаўся Hrodna.life.

Падобныя паркі актыўнага адпачынку на свежым паветры ёсць у Гродне ў лесапарку Пышкі і на базе адпачынку “Прывал”. Таксама існуе адзін крыты вяровачны парк у гандлёвым цэнтры “Карона” на вуліцы Горкага. Менавіта філіял апошняга і плануюць адкрыць у цэнтры горада.

Чытайце яшчэ:  У Гродне рыхтуецца да адкрыцця самы вялікі ў Беларусі крыты вяровачны парк

“Практыка паказвае, што гродзенцам і гасцям горада цікавы вяровачны парк, які мы стварылі на “Кароне”, – распавядае дырэктар фірмы Мікалай Паўлюкевіч. – Менавіта таму мы вырашылі нешта падобнае стварыць на вуліцы ў цэнтры Гродна. Для гараджан такі адпачынак будзе даступны і зручны, таксама мы зможам паказаць нешта новае турыстам”.

“Любы эколаг не будзе мець прэтэнзій”

У раёне Швейцарскай даліны плануецца ўсталяваць скаладром, стварыць вяровачны гарадок з лесвіцамі і атракцыёнамі, а таксама раскінуць уздоўж ракі некалькі вісячых вяровачных мосцікаў.

“Швейцарскую даліну мы выбралі невыпадкова, бо гэта зона з выдатным рэльефам, дзе ёсць перапады вышынь і рака. Гістарычнае аблічча мы парушаць не будзем, ды і шкодзіць дрэвам таксама не збіраемся. Агульнасусветная практыка паказвае, што такія вяровачныя паркі на дрэвы ніяк не ўплываюць. Добры прыклад у “Джунглі парку” ў Пышках”, – дадаў Мікалай Паўлюкевіч.

Тэрыторыя даўно выкарыстоўваецца спартоўцамі і аматарамі

У тым месцы, дзе плануецца ўладкаванне вяровачнага парку, ужо на працягу дзясятка гадоў праходзяць абласныя спаборніцтвы па турысцка-прыкладным шматбор’і, у тым ліку і па спартыўным арыентаванні.