Урад Польшчы паказаў новыя знакі, якімі ў хуткім часе пазначаць экалагічныя зоны ў гарадах нашых суседзяў. Уезд на тэрыторыю са знакам D-54 будзе дазволены толькі для экалагічна чыстага транспарту (электрамабілі, машыны на вадародзе і газе).

Калі вы на бензінавым або дызельным аўтамабілі апынецеся ў гэтай зоне, то вам будзе пагражаць штраф у памеры 500 злотых, што ў пераліку складае 285 беларускіх рублёў.

Магчымасць уезду на бензінавых і дызельных аўтамабілях прадугледжаная. Для гэтага трэба будзе аплаціць 2,5 злотых за гадзіну знаходжання або 25 злотых за дзень, піша autogrodno.by.

Нагадаем, абмежаванне не тычыцца аўтамабіляў дзяржаўных служачых, паліцыі, ваенных і іншых спецслужбаў.

У Польшчы шмат хто незадаволены рашэннем урада і прыводзяць у прыклад Германію, дзе ўезды ў экалагічныя зоны рэгулююцца экалагічнымі класамі аўтамабіляў (Еўра-5, Еўра-6, да прыкладу) і дзе закон не так катэгарычны.

Тым не менш, польскі ўрад мае намер сур’ёзна стымуляваць насельніцтва на куплю электрамабіляў. Зараз ідзе актыўнае будаўніцтва зарадных станцый і чакаецца, што да 2025 года на дарогах Польшчы будзе 1 000 000 электракараў.