У Гродне за апошні час спецыялісты МНС праверылі найбуйнейшыя шматлюдныя ГЦ “OldCity” і “Карона”, гандлёвы комплекс «Карона», кінатэатр “Кастрычнік” і іншыя. Узорнымі па пажарнай бяспецы назвалі Лядовы палац і “Галактыку”. Тут практычна без заўваг. Да большасці ж у ратавальнікаў ёсць пытанні.

Агулам спецыялісты МНС праверылі 300 розных аб’ектаў Гродзеншчыны. Найчасцейшыя парушэнні – загрувашчаныя шляхі эвакуацыі, зачыненыя на замок эвакуацыйныя выхады. Нярэдка незаконна перапланіроўваюць або перапрафілююць памяшканні, напрыклад, тэхнічныя – у гандлёвыя. У некаторых месцах няспраўная пажарная сігналізацыя.

Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі двух кіраўнікоў і адну службовую асобу. У дачыненні да некалькіх адказных асоб вядуць адміністрацыйныя працэсы.

Сур’ёзных парушэнняў, якія патрабавалі б прыпыніць працу, ратавальнікі не знайшлі, піша “Гродзенская праўда“.