У Гродне беларускія навукоўцы разам з «Гродназелянбудам» правядуць эксперымент з 250 дрэвамі, каб даведацца, як абараніць іх ад шкоднікаў. У тым ліку, ад мініруючай молі. Эколаг Ігар Лапеха кажа, што грамадскасць яшчэ гады чатыры таму біла ў званы наконт гэтай сітуацыі, але іх ніхто не пачуў.

Хворых дрэваў шмат, паляпшэння не бачна

«Мы зрабілі маніторынг, перапісалі каштаны, падрыхтавалі рэкамендацыі, як іх абараніць, запрашалі спецыялістаў з батанічнага саду. Але нас проста паслухалі, высноў не зрабілі. Цяпер сітуацыя яшчэ пагоршылася. Зеляндбуд нічога не робіць, каб гэтым дрэвам жылося добра. Усё, што робяць — гэта абрубку. Але з тымі ж каштанамі яна бессэнсоўная. Амаложваць, абрубаючы кроны, трэба здаровыя дрэвы. Я не ведаю, якія рэкамендацыі дасць НАН, але метады барацьбы з мініруючай моллю вядомыя 20 год», — распавядае Ігар Лапеха.

Паводле яго слоў, хворых на грыбок і іншыя хваробы дрэў, з якімі варта штосьці рабіць, у горадзе шмат. А вынікаў нейкай працы няма. Эколаг не бачыць паляпшэння сітуацыі аносна зялёных насаджэнняў у нашым горадзе.

«У іх адна форма работы — спільванне»

«Мне цікава паглядзець, як яны папрацавалі на вуліцы Брыкеля. Менавіта там быў адзіны вялікі і здаровы масіў каштанаў. Калі яны яго абрэзалі, то гэта проста выкачванне грошай. У іх адна форма работы — спільванне», — абураецца Ігар Лапеха.

НАН Беларусі распрацавала рэкамендацыі для кожнага абласнога цэнтра, як абараніць хворыя дрэвы. Усяго ў Гродне на магістральных вуліцах без уліку дваровых тэрыторый высаджана прыкладна 2000 каштанаў.

Што робіць і плануе «Зелянбуд»?

«Гродназелянбуд» цяпер вядзе абразанне і фармоўку дрэў у цэнтры горада, на вуліцах Вялікай Траецкай, Лідскай, Шчорса, на кальцавой развязцы. Тое ж ужо зрабілі на вуліцах Парыжскай Камуны, Сацыялістычнай, Свярдлова, Леніна, Ажэшкі, Брыкеля, Цітова, каля транспартнай развязкі па вуліцы Будзёнага. Хутка пачнуць выразаць сухастой у хмызняках, піша «Гродзенская праўда».

На праспекце Лебедзева і ў раёне пуцеправода ў Альшанцы з дапамогай тэхнікі высадзяць 536 дрэў.

У гэтым годзе плануюць пасадзіць 180 дрэў і 3715 хмызнякоў на вуліцы Магістральнай. 42 дрэвы і столькі ж кустоў пасадзяць каля дамоў № 2,4,6 па Індурскай шашы. Сотню маладых дрэў высадзяць на Фолюшы, 405 кустоў - на вуліцы Курчатава. Вясной закладуць сквер на вуліцы Урублеўскага. У ім пасадзяць 242 дрэвы і 3698 хмызнякоў.