11-гадовая дзяўчынка Насця Ванеева са Смаргоні паправіла вядучага Максіма Галкіна ў эфіры расійскага забаўляльнага шоў «Лучше всех». Яе маці рассказала, чаму дачка так зрабіла.

Запіс праграмы адбываўся 19 сакавіка ў Маскве. Гледачы ўбачылі яе ў нядзелю, 1 красавіка. Відэа апублікавалі многія беларускія медыя.

Калі Галкін сказаў, што дзяўчынка прыехала з «Беларусіі», яна імгненна яго паправіла «з Беларусі». Вядучы паспрабаваў пажартаваць: «У вас кажуць з Беларусі, а ў нас — з Беларусіі». «А правільна — з Беларусі», — не разгубілася Насця.

На пытанне, чаму Насця так адрэагавала на словы Галкіна, мама артысткі Юлія Саладкевіч рассказала:

— Бо мы жывем у Беларусі, і Насця гэта ведае ад бацькоў. Яна любіць сваю краіну, любіць беларускую мову. У гэты момант мы адчувалі за яе гонар. Пасля запісу ніхто завагаў не рабіў. А навошта? Ці ж яна кепска сябе паводзіла?

youtu.be/Y_G15VzlH0I

На шоў Насцю запрасілі арганізатары, убачыўшы ў сеціве відэа, дзе яна грае на цымбалах.

Цікава, што падобная сітуацыя выйшла на ўкраінскім шоў «Круче всех», у якім Насця таксама прымала ўдзел. Але тады маленькая артыстка паспела паправіць вядучых падчас рэпетыцый. У эфіры яны ўжо вымаўлялі назву краіны правільна.

Насця перыядычна размаўляе па-беларуску дома, з бабуляй. Удзельнічае ў алімпіядах па беларускай мове ў сваёй школе і заўсёды займае першыя месцы.

Дзяўчынка вучыцца граць на цымбалах пяць год, удзельнічае ў музычных абласных і рэспубліканскіх конкурсах, займае прызавыя месцы, удзельнічала ў беларускім конкурсе «Талент краіны», але звязваць жыццё з музыкай не плануе. Ходзіць у шосты клас школы № 7 Смаргоні.