Больш сталых людзей з Гродна змогуць цяпер пазнаёміцца з сучаснымі гаджэтамі, навучыцца аплачваць камуналку анлайн і рабіць відэазванкі блізкім. Планшэты для іх навучання перадалі 30 сакавіка некаторым Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гродзенскай вобласці і Установе «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый».
Гэта адбылося ў межах праект «Падтрымка рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь», які фінансуецца Урадам Расійскай Федэрацыі, ЮНФПА і ЮНІСЕФ.
Паспяваць за прагрэсам
Не ўсім людзям на пенсіі дастаткова толькі вырошчваць гародніну на лецішчы альбо ўвесь вольны час траціць на выхаванне ўнукаў. Ёсць і такія, каму проста неабходна самаўдасканальвацца, паспяваць за прагрэсам. Тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а іх па ўсёй Беларусі 150, займаюцца адукацыяй такіх людзей. Жыхарам Гродна пашанцавала болей за астатніх — тут працуе «Універсітэт Залатога Веку», які надае ўвагу пытанням рознабаковага паляпшэння якасці жыцця сталых людзей.
Святлана Белаш, кансультант Упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі:
«Тэрытарыяльныя цэнтры абслугоўвання насельніцтва займаюцца нефармальнай адукацыяй дарослых, навучаннем камп’ютарнай граматнасці. Інтэрнэт — гэта самы распаўсюджаны сродак камунікацыі сярод моладзі, дарослых, а таксама людзей сталага ўзросту. Сёння магчыма, не выходзячы з дома, размаўляць з роднымі, шукаць у аптэках лекі, заказваць на дом прадукты, купляць білеты і здзяйсняць банкаўскія аперацыі».
Планшэты карыстаныя, але ў добрым стане
Планшэты, пра якія ідзе гаворка, маюць сваю гісторыю. У межах праекта «Падтрымка рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» праводзілася маштабнае сацыялагічнае даследаванне. З мая да лістапада мінулага года 329 інтэрв'юераў апыталі 10 000 чалавек з 96 населеных пунктаў Беларусі. Анкета складалася з каля 300 пытанняў. Выкарыстанне планшэтаў дапамагло хутка атрымаць першыя вынікі. Пасля заканчэння актыўнай фазы «палявой» працы было вырашана перадаць іх для мэтаў адукацыі людзей сталага ўзросту.
Марыяна Сакалова, кіраўнік праектаў Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА):
«Наша даследаванне аб’ёмнае, у ім вельмі шмат інфармацыі. Мы можам прааналізаваць увесь жыццёвы цыкл насельніцтва: пераход да самастойнага жыцця, атрыманне адукацыі, партнёрства і шлюб, нараджэнне дзяцей, адносіны паміж пакаленнямі і гэтак далей. Мы можам прасачыць гэта ў пакаленнях, па гарадах і рэгіёнах, і ўбачыць карціну таго, як жывуць людзі.
Даследаванне праводзіцца па адной і той жа методыцы ў розных краінах. Дадзеныя збіраюцца ў адзіную базу. Таму мы можам параўнаць, як жывём мы і як жывуць людзі ў суседніх краінах".