Помнікі, знакі і скульптуры савецкага перыяду, якія сёння не маюць значэння для горада, вырашылі прыбраць. Першай пад рукі рабочых патрапіла адна са стэлаў на ўездзе ў горад — з гербам СССР наверсе. Зараз вакол яе ўвіхаецца будаўнічая тэхніка, бо цалкам знішчаць знак не будуць — яго вывезуць у музей на Старым замку, там ён упрыгожыць дзядзінец пасля сканчэння рэканструкцыі.

«Герб СССР на ўездзе ў горад можа бянтэжыць і дзівіць замежнікаў, ды і многім беларусам ён незразумелы ўжо. Быццам нейкая зламаная машына часу або кепскі жарт», — пракаментаваў адзін з рабочых, якія дэмантуюць стэлу. Паводле яго словаў, аддзел ідэалогіі ўжо замовіў у аднаго са скульптараў новы знак, які будзе вітаць гасцей горада.

«Гэта мае быць ці то байдарка, запоўненая даверху бульбяной кішкай, ці то жабка-падарожніца на катамаране з дранікам у роце — дакладна яшчэ невядома, але дакладна на тэму турызму і гасціннасці», — расказаў кіроўца экскаватара.

Пацвердзіць гэта ў аддзеле ідэалогіі не атрымалася — там святкуюць Пасху і не бяруць слухаўку.

Да ведама: каталіцкі Вялікдзень сёлета прыпадае на 1 красавіка.

З.Ы. Калі вы яшчэ не зразумелі: гэтая навіна — першакрасавіцкі жарт.