У пятніцу 30 сакавіка ў Гродне стартаваў чэмпіянат Беларусі па футболе. «Нёман» на сваім полі прымаў «Віцебск» і згуляў унічыю 1:1. Гродзенцы здолелі зраўняць лік толькі на апошніх хвілінах, дзякуючы галу Вячаслава Глеба.
Доўгачаканы вялікі футбол вярнуўся ў Гродна і ў першым туры «Нёман» прымаў даволі сур’ёзнага суперніка — «Віцебск», які за перыяд міжсезоння абзавёўся дасведчанымі гульцамі.
Газон гродзенскага стадыёна да старту сезона быў гатовы, але вось у футбалістаў на ім не ўсё атрымлівалася, таму што каманды праводзілі падрыхтоўку да сезону на сінтэтычных палях.
[irp posts="56 323″ name="Шануй сваё: фанаты Нёмана" ў Гродне зладзілі перформанс прысвечаны 100-годдзю БНР"]
З першых хвілін каманды пачалі гуляць у актыўны футбол, але праз некалькі хвілін госці завалодалі ініцыятывай і ўсё часцей пагражалі варотам Курганскага. Размачыць вароты «Нёмана» суперніку атрымалася на 25-й хвіліне. «Віцебск» на контратацы здолеў перабрацца на палову «Нёмана», дзе Вяргейчык аддаў перадачу на Мацвеенку, які ўвайшоў у штрафную Курганскага, прыбраў абаронцу і адправіў дакладна мяч у вароты.
У першым тайме гаспадары здолелі стварыць толькі адзін небяспечны момант і зрабілі гэта на 30-й хвіліне. Пасля вуглавога Хвалько вышэй за ўсіх скочыў і прабіў галавой. Удар гродзенскага абаронцы апынуўся ў метры ад варот Гушчанкi.
Яшчэ да перапынку форвард «Віцебска» Мацвеенка меў добры шанец аформіць дубль, але мяч пасля ўдару гульца трапіў у перакладзіну.
На другі тайм Ігар Кавалевіч зрабіў перастаноўкі ў камандзе. Замест Цэслюкевіча і Жукоўскага выйшлі Мукам і Януш. Пасля выхаду свежых футбалістаў гульня ў «Нёмана» наперадзе прыкметна ажывілася, але вастрыні ўсё роўна не хапала. Тады для ўзмацнення ў сярэдзіне тайма Кавалевіч выпусціў яшчэ і Глеба, які замяніў Ковеля.
Біўся «Нёман» і дамінаваў на полі ў другім тайме, але вось падабрацца да варот Гушчанкі жоўта-зялёным ніяк не ўдавалася. Гродзенцы не здаваліся і на 92-й хвіліне, калі гледачы ўжо пачалі разыходзіцца, здолелі зраўняць лік. Пасля падачы вуглавога Глеб удала падставіў галаву і выратаваў «Нёман» ад паразы.
«Нёман» — «Віцебск» — 1:1
— Былі прыкладзеныя велізарныя сілы, каб падрыхтаваць поле, гораду і ЦСК за гэта дзякуй. Гулялі з вельмі арганізаванай і хуткай камандай. Не зусім атрымалася гульня ў цэнтры поля, шмат перадач было назад. Таксама адзначу, што шмат траўмаў і пашкоджанняў у камандзе, і, магчыма, з-за гэтага крыху не адгадалі са стартавым складам. Януш, выйшаўшы на замену, відавочна ўзмацніў гульню. Гол, забіты на апошніх хвілінах, паказвае, што характар у каманды ёсць, і гэта надасць нам упэўненасці ў будучыні.