Больш за 100 гродзенцаў прыйшлі ў сераду 28 сакавіка ў Дом сясцёр назаратанак на святочны абед, які тут ладзяць штогод напярэдадні Вялікадня.
Манашкі з восені да вясны арганізуюць бясплатную сталоўку для бедных і бяздомных, людзей у складанай жыццёвай сітуацыі. А напярэдадні вялікіх святаў, такіх як Вялікдзень і Раство, сёстры рыхтуюць святочны абед.
Абед атрымаўся багатым: рыбны суп, пюрэ з бульбы, курыца, гарбата, хлеб і булачка. Кожны ў падарунак атрымаў шкарпэткі і мыла.
Перад абедам з надыходзячым святам гродзенцаў павіншаваў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Ён памаліўся з людзьмі і раздаў велікодныя яйкі.