Сучасная версія «Прастаквашына», клуб ананімных тэатралаў, жарты аб зарплаце работнікаў культуры і сімвалічныя піражкі з капустай у антракце — такім быў капуснік «Акцёрскія гульні - 2018». Свята, прымеркаванае да Міжнароднага Дня тэатра, прайшло ў Тэатры лялек 27 сакавіка.

У абноўленым «Прастаквашына» Шарык і Матроскін заклікалі людзей рабіць сваю казку самастойна, не жывучы паводле сцэнарыя іншых людзей. Група маладых артыстаў жартавала на хвалюючую ўсіх тэму напоўненасці кашалькоў: праспявалі гасцям пра сваю «вясёлую» зарплату. Тэатральныя пастаноўкі, музыка і танцы зрабілі атмасферу па-сапраўднаму святочнай.

Павіншаваць акцёраў і тэатр мог кожны наведвальнік капусніку. Усе пажаданні мацаваліся на спецыяльным дрэве.

Як на любым карпаратыўным свяце, не абышлося без узнагароджанняў. Супрацоўнікі тэатра, пры гэтым не толькі акцёры, але і, напрыклад, бухгалтар, атрымалі граматы і падзякі ад Міністэрства культуры і абласнога савета дэпутатаў. А прэміяй імя Анатоля Ляляўскага Беларускага цэнтра УНІМА ўзнагародзілі акторку Галіну Закрэўскую. Два гады таму яна атрымала медаль Францыска Скарыны.

«Людзі, рабіце сваю казку самі!» У Тэатры лялек прайшоў капуснік «Акцёрскія гульні - 2018»

УНІМА аб’ядноўвае акцёраў тэатраў лялек краіны, прэмію штогод уручаюць дзеячам тэатра за высокія прафесійныя дасягненні і значны ўклад у развіццё лялечнага мастацтва.