Экскурсійны аўтобус, які накіроўваўся з Мінска ў Пецярбург, патрапіў у аварыю ў Пскоўскай вобласці, каля 200 км ад Пецярбурга. У 4.35 гадзін раніцы 23 сакавіка ён сутыкнуўся з «Жыгулямі» і перакуліўся на бок.

У аўтобусе ехала каля 50 чалавек, сярод іх 11 школьнікаў ва ўзросце 13−14 гадоў. Пасажыры ехалі на экскурсію. Агулам пацярпела 21 чалавек. Пацярпелых на машынах хуткай дапамогі даставілі ў Пскоўскую абласную бальніцу.

Паводле ранейшай інфармацыі, у аўтобусе ехала група з Гродна. Аднак, аказалася, што толькі сам аўтобус быў арэндаваны ў Гродзенскай вобласці. Група ж была з Мінска.

Арганізатарам паездкі меркавана выступала фірма «Еўратранс» з Мінска. Для рэйса ў Санкт-Пецярбург перавозчык арандаваў аўтобус ваўкавыскай кампаніі «Ласэ-Тур», якая спецыялізуецца на аказанні пасажырскіх турыстычных паслуг. Пра гэта распавёў дырэктар кампаніі Леанід Зінкевіч.

У аддзелах адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама і Ваўкавыскага райвыканкама распавялі, што сярод пасажыраў аўтобуса дзяцей з Гродна і Ваўкавыска не было.

Паводле папярэдніх дадзеных у здарэнні вінаваты кіроўца «Жыгулёў». Пасля аварыі ён апынуўся заціснутым у машыне, яго давялося дэблакіраваць.

Паводле: spb.kp.ru, grodnonews.by