Праезд у беларускіх цягніках гарадскіх ліній павысіцца з 20 сакавіка, на рэгіянальных і межрэгіянальных лініях — з 1 красавіка.
Кошты на гарадскіх цягніках вырастуць на 2−6%, на рэгіянальных і межрэгіянальных — на 24% і 32% адпаведна, паведамляе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь
Так, атрымліваецца, што праезд начным цягніком з Гродна да Мінска павялічыцца з 8,42 рублі да прыкладна 11 рублёў (плацкарт), з 11,68 да 15,4 рублёў (купэ). Самы танны варыянт даезду да сталіцы — сідзячыя месцы ў ранішнім цягніку — падаражэюць з 5,03 да 6,64 рублёў.
Тарыфы на перавозку пасажыраў чыгуначным транспартам агульнага карыстання ў апошні раз павышаліся ў 2015 годзе.
Сёння ўзровень кампенсацыі насельніцтвам затрат на аказанне ўнутрырэспубліканскіх пасажырскіх перавозак чыгуначным транспартам не перавышае 20%. Бюджэтнае субсідаванне на гэтыя паслугі не ажыццяўляецца. Рашэнне аб пераглядзе тарыфаў прынята ў мэтах паэтапнага павышэння ўзроўню акупнасці перавозак пасажыраў чыгуначным транспартам.
Ад узроўню тарыфаў і ўзроўню акупнасці выдаткаў напрамую залежыць магчымасць правядзення перавозчыкам неадкладных мерапрыемстваў па падтрыманні якасці і бяспекі перавозак, абнаўлення рухомага складу, і, такім чынам, павышэння якасці паслуг па перавозцы.