У панядзелак 19 сакавіка ў Доме футбола адбылося лёсаванне паўфінальных пар Кубка Беларусі розыгрышу 2017/18. Паводле лёсавання “Нёман” у паўфінале сустрэнецца з нязменным чэмпіёнам Беларусі – барысаўскім БАТЭ.
Першы матч гродзенцы правядуць на выездзе ў Барысаве 18 красавіка. А другі матч пройдзе ў Гродне 2 мая.
Камандзе Ігара Кавалевіча ўжо пастаўлена задача кіраўніцтвам горада і назіральным саветам – узяць Кубак краіны, які дасць магчымасць выхаду ў еўракубкі.
У другой пары паўфіналу Кубка сустрэнуцца “Дынама-Брэст” і Днепр-Магілёў “. Фінал турніру адбудзецца 19 мая ў Магілёве на стадыёне “Спартак “.
Як адзначае сайт “Нёмана”, у Кубку Беларусі гродзенцы двойчы сустракаліся з барысаўскім клубам. Абодва разы каманды сышліся на стадыі 1/4 фіналу. У гэтым супрацьстаянні пакуль назіраецца раўнавага. У сезоне 2014/15 перамога была на боку гродзенцаў 2:1, а на наступны год поспех святкавалі ўжо барысаўчане. У двухматчавым супрацьстаянні абодва разы перамаглі чэмпіёны. У Барысаве яны былі мацнейшыя 1:0, а ў гродзенскім матчы перайгралі жоўта-зялёных 2:1.


