Месцам святкавання стогадовага юбілею абвяшчэння БНР у Гродне стаў Каложскі парк. Але аказалася, што ён не прыстасаваны да масавых мерапрыемстваў. І калі пытанні з прыборкай тэрыторыі і прыбіральнямі можна вырашыць, то праблема з электрычнасцю застаецца.

– Гэта праблема, якая прынцыпова не можа быць вырашана. Гарсвятло і электрасеткі кажуць, што падключыцца да электрычнасці немагчыма, – кажа Зміцер Бандарчук з аргкамітэту. – Таму застаецца адзіны варыянт – зрабіць свята з дапамогай генератараў, акумулятараў і іншага тэхнічнага абсталявання.

Каб гэты варыянт быў рэальны, патрэбна дастаткова шмат грошай. Таму аргкамітэт яшчэ раз звяртаецца да гродзенцаў з просьбай дапамагчы грашыма.

Без грошай не будзе музыкі

Калі не знойдуцца грошы на генератары з вялікай магутнасцю, давядзецца адмяніць гурты, якія “пацягнуць” максімальную магутнасць. Тыя ж металісты “Trollward” могуць не прыехаць. Змяніць месца святкаваня немагчыма, бо яно прынята гарвыканкамам на сходзе. Наступны сход запланаваны толькі на 23 сакавіка.

Ад колькасці сабраных грошай залежць таксама і сцэна. Сцэна на свята каштуе ад 400 да 900 долараў. Яе кошт залежыць ад памераў і колькасці выступоўцаў, якія адначасова будуць на ёй знаходзіцца.

Чытайце яшчэ:  “Разбітае Сэрца Пацана” можа выступіць на 100-годдзі БНР у Гродне і іншая важная інфармацыя пра канцэрт 25 сакавіка

Сабрана каля 1300 рублёў з патрэбных 8000. Для ахвярадаўцаў існуюць бонусы: падзяка са сцэны, магчымасць прарэкламаваць сябе ці сваю прадукцыю праз ролап каля сцэны. “Мы адкрыты да такіх прапановаў і з задавальненнем зрабілі б гэта. Таму прапануем мясцоваму бізнесу паўдзельнічаць у арганізацыі свята”, – кажа Вадзім Саранчукоў.

Каложскі парк могуць прыстасаваць да масавых мерапрыемстваў

Канчатковы спіс гуртоў будзе вядомы ў панязелак. Пакуль пацвердзілі ўдзел гурт “Гаротніца”, “HandMade” і “Helious”. Вядуцца перамовы з некалькімі хэдлайнерамі, якія ўзначаляць гэты спіс. Вядоўцам свята можа стаць вядомы гродзенец, які арыентуецца ў тэматыцы свята, але яго імя пакуль не разгалошваецца.

– Па арганізацыі існуюць пэўныя тэхнічныя праблемы, але яны вырашальныя. Падчас арганізацыі з’яўляюцца такія моманты, пра якія раней ніхто падумаць не мог. У будучым пры падачы заяўкі на правядзенне мерапрыемстваў трэба сыходзіць з таго, што гэтыя месцы павінны быць мінімальна абсталяваныя і падрыхтаваныя для гэтага, – кажа Вадзім Саранчукоў.

Чытайце яшчэ:  Фотафакт: як «выглядала» футбольная каманда айцоў БНР

Як кажа Зміцер Бандарчук, у  гарвыканкаме паабяцалі заняцца гэтай праблемай і зрабіць Каложскі парк прыдатным да масавых мерапрыемстваў.


Нагадваем, ахвяраваць на правядзенне свята можна ў краме “Цудоўня” (https://vk.com/cudouniahttps://www.facebook.com/Cudounia), альбо пазваніўшы на нумары +375 296 540 534 (Вадзім), ці +375 295 852 585 (Дзмітрый). А таксама на «Талацэ».