25 сакавіка ў Гродне можна будзе паслухаць гурты «Гаротніца», «HandMade», «Разбітае Сэрца Пацана» і «B:N». Для аматараў беларускага металу прыедзе Trollwald. Таксама можна будзе набыць тэматычныя сувеніры і падсілкавацца на фудкорце. Арганізатары святкавання стагоддзя БНР расказалі больш пра мерапрыемства.

— Мы абсалютна перакананы, што стагоддзе БНР трэба святкаваць максімальна шырока і з максімальным удзелам людзей. Таму вырашылі адзначаць дату не ў традыцыйным фармаце палітычнага пратэсту ці палітычнага мітынгу, а ў фармаце свята, — кажа Вадзім Саранчукоў з аргкамітэту.

“Разбітае Сэрца Пацана” можа выступіць на 100-годдзі БНР у Гродне і іншая важная інфармацыя пра канцэрт 25 сакавіка
Злева Вадзім Саранчукоў, справа Дзмітрый Бандарчук
Яшчэ 3 сакавіка аргкамітэт падаў заяву ў гарвыканкам. Пасля некалькіх сустрэчаў з прадстаўнікамі адзелу ідэалогіі і кіраўніком гарвыканкама, яны атрымалі дазвол на канцэрт-мітынг.

Мерапрыемства пройдзе 25 сакавіка ў Каложскім парку. Збор людзей будзе адбывацца з 13.00 да 14.00. Канцэрт пройдзе з 14.00 да 17.00. Ёсць папярэдняя дамова з гуртамі «Гаротніца», HandMade і Trollwald. Ідуць перамовы з гуртамі «Разбітае Сэрца Пацана» і «B:N».

Ахвяруй, каб свята атрымалася лепшым

На месцы арганізуюць пункты харчавання і кірмаш сувеніраў ды атрыбутыкі. Забаўляльную праграму для дзяцей і моладзі рыхтуе Гродзенскі дзіцячы хоспіс. Згодна з рашэннем выканкама, на мерапрыемстве дазволена зарэгістраваная сімволіка, а таксама сімволіка датычная тэмы мерапрыемства.

“Разбітае Сэрца Пацана” можа выступіць на 100-годдзі БНР у Гродне і іншая важная інфармацыя пра канцэрт 25 сакавіка
Аргкамітэт на прэс-канферэнцыі
Гарвыканкам забяспечыць ахову і медычнае абслугоўванне. Аргкамітэт забяспечвае гаспадарчыя і тэхнічныя моманты: ад прыбіральняў да атрыбутыкі. Таму яны просяць падтрымаць іх фінансава. Ахвяраваць можна асабіста ў памяшканні крамы Цудоўня (https://vk.com/cudounia, https://www.facebook.com/Cudounia), альбо пазваніўшы на нумары +375 296 540 534 (Вадзім), ці +375 295 852 585 (Дзмітрый). А таксама на «Талацэ». Ад колькасці сабраных грошай залежыць якасць апаратуры і колькасць музычных гуртоў.

Без заклікаў да рэвалюцыі

Аргкамітэт запрашае прыносіць свае ідэі і далучацца да арганізацыі. Бліжэй да свята афішы могуць з’явіцца на інфармацыйных тумбах і ў дзяржаўных газетах. Таксама запланаваны шэраг іншых мерапрыемстваў да юбілею. Пра іх будзе вядома бліжэй да канца тыдня.

Арганізатары падкрэсліваюць, што на мерапрыемстве не будзе заклікаў да рэвалюцыі. «Мы просім усіх, што хоча нейкім чынам выразіць пратэст супраць сучаснай улады, пакінуць яго ў іншым месцы. Мы прыходзім на свята, каб разам адзначыць важную для нас падзею. Дзяржава таксама прызнае яе значнай і дапамагае свята арганізоўваць. Сумесная праца дае эфект», — кажа Андрэй Несцяровіч, адзін з арганізатараў.