Улады ЕС пачалі падрыхтоўку рэформы сістэмы выдачы ўязных дакументаў, па выніках якой атрымаць візы стане прасцей, але памер збору вырасце.

Еўракамісія абвясціла аб распрацоўцы паправак у візавыя правілы ЕС, каб спрасціць уезд у шэнгенскую прастору для тых, хто перасякае яе межы легальна, паведамляе інфармацыйнае агенцтва РБК.

Адным з галоўных змяненняў павінна стаць істотнае скарачэнне гранічных тэрмінаў выдачы візаў - з 15 да 10 дзён. Пры гэтым заяўкі на візу можна падаваць не за тры месяцы да паездкі, а за паўгода, а саму працэдуру запаўнення і падачы заяўкі зробяць цалкам электроннай.

Акрамя таго, краінам, якія ўваходзяць у шэнгенскую прастору, прапануюць дазволіць выдачу кароткатэрміновых віз непасрэдна на мяжы. Аднак выдача такіх віз будзе абмежаваная, а іх атрымальнікі змогуць знаходзіцца толькі ў той краіне, дзе віза выдадзена.

У той жа час падарожнікі, якія рэгулярна прыязджаюць у ЕС, могуць разлічваць на паскоранае атрыманне доўгатэрміновых шматразовых віз з тэрмінам дзеяння ад 1 года да 5 гадоў.

Так як ўзмацненне жорсткасці стандартаў бяспекі прывядзе да росту выдаткаў, ЕК плануе павялічыць памер консульскага збору. На сёння стандартны памер збору складае € 60, па выніках рэформы яго плануюць павысіць да € 80.