Цяпер кожную сераду ў бары «RockStar» можна будзе пагуляць у настольныя гульні. Наведвальнікаў пазнаёмяць з гульнямі для пачаткоўцаў кшталту джэнгі, «Alias», «Касмаполіс» ці «Red 7».
Праводзіць гульнятэкі прапанаваў адзін з пастаянных кліентаў бара. Настолкі зоймуць тры-чатыры сталы. «Такая ідэя ўзнікла, каб разнастаіць баўленне часу ў бары і каб нашым наведвальнікам не было сумна», — кажа дырэктар бара Яўгенія Кучарэнка.
Гульні прадаставіць антыкафэ «Партал». Іван Петушок, дырэктар «Парталу», лічыць, што гульнятэкі ў бары дапамогуць людзям паступова перайсці на альтэрнатыўныя, здаровыя спосабы адпачынку.
«Цяпер у новым фармаце можна адпачыць з настольнымі гульнямі і добра правесці час, — кажа Іван. — Яны ствараюць радасную атмасферу і даюць новы спосаб пазнаёміцца. У гульні можна лепш пазнаць чалавека і паглядзець, як ён будзе рэагаваць на тыя ці іншыя жыццёвыя сітуацыі».
Калі: штосерады, пачынаючы з 7 сакавіка, з 20.00 да 22.00
Дзе: бар «RockStar», вул. Цітова, 9
За колькі: бясплатна