Першапачаткова Мінздраў паведамляў пра тое, што на адзёр ў Ваўкавыску захварэла пяцігадовае дзіця, бацькі якога адмовіліся яго прышчапляць. Але ўжо сёння стала вядома, што адзёр пацвердзіўся яшчэ ў двух дзяцей, якія кантактавалі з ім, а таксама ў двух дарослых.
— Так, цяпер пяць пацверджаных выпадкаў, — распавяла Onliner.by намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская. Паводле яе слоў, сімптомы адзёру на першых стадыях вельмі падобныя з рэспіраторнай інфекцыяй, да таго часу, пакуль не з’явіцца сып. Таму для вызначэння захворвання патрэбен час.
Прышчэпка ад адзёру робіцца ў два этапы, першы — у год, другі - у шэсць гадоў. Тыя, хто прапусціў хоць адну з гэтых прышчэпак, знаходзіцца пад пагрозай заражэння.
— Як даведацца, ці ёсць у вас прышчэпка ад адзёру ці не? Трэба звярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства, — кажа Ірына Глінская. — На кожнага пацыента, або ў картцы, або ў асобнай форме, указаны звесткі аб прышчэпках, важных для дарослых. У прыватнасці, дыфтэрыя, слупняк, адзёр і гэтак далей. У кожнага дарослага павінны быць адзнакі аб двух прышчэпках. Калі ёсць адзнака толькі пра адну прышчэпку ці наогул дадзеных няма, то такога чалавека мы расцэньваем як непрышчэпленага і прапануем яму зрабіць прышчэпку. Асабліва калі ён выязджае на тэрыторыю, дзе цяпер фіксуюць ўспышку захворвання.
Захварэць на адзёр можна ў любым узросце. Больш за 60% захварэлых — людзі да 20 гадоў. Звыш 80% захварэлых не былі прышчэплены супраць адзёру, таму інфекцыя распаўсюдзілася ў Еўрапейскім рэгіёне. Нізкім узровень вакцынацыі супраць адзёру ў асобных краінах Еўропы стаў пасля таго, як ад прышчэпак сталі адмаўляцца, пачынаючы з 2010 года, піша БелТА.
З пачатку года зарэгістравалі больш за 3 тысячы выпадкаў адзёру ва Украіне, Румыніі, Італіі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Германіі, Латвіі, Польшчы, Францыі, Швецыі. Неспрыяльная сітуацыя складваецца таксама ў Сербіі, дзе з пачатку кастрычніка 2017 года па 6 лютага 2018 года зарэгiстравалі 1 884 выпадкі адзёру, з іх пяць скончыліся смерцю.