Ад дома па вуліцы Віленскай, 14, які быў пабудаваны ў пачатку 20 стагоддзя, сёння засталіся толькі сцены. Спецыялісты «Гроднагарбуда» — арганізацыі, якая займаецца рэканструкцыяй аб’екта — палічылі, што так будзе лепш для будучай пабудовы.

Такім спосабам праходзяць апошнім часам многія рэканструкцыі старых будынкаў у Гродне. І гэта яшчэ добра, што ад некаторых пабудоў застаюцца арыгінальныя фасады. Бывае, што дом руйнуюць і будуюць на гэтым месцы новы.

Яшчэ да рэканструкцыі дома на Віленскай карэспандэнт Hrodna.life заходзіў у гэты закінуты будынак. Ужо тады было відаць, што ўнутраная частка знаходзілася ў вельмі аварыйным стане. Пасля адсялення жыхароў дом шмат часу знаходзіўся без ацяплення. Там час ад часу жылі бяздомныя. У выніку, акрамя сцен ратаваць там не было чаго.

Сёння аб’ектам на Віленскай валодае смаргонскае прадпрыемства «Кронаспан», якое плануе мадэрнізаваны будынак уладкаваць пад краму гатовай прадукцыі. Новае прызначэнне будынка дыктуе перапланіроўку, праект ужо гатовы. Парадны ўваход у будынак пакінуць на тым жа месцы. У адным з глухіх фасадаў з’явіцца іншы ўваход для пагрузачна-разгрузачных мэтаў. Каля яго гэтак жа зробяць пад’ёмную дарожку для людзей з інваліднасцю. Месца няроўнага рэльефу акультураць крывалінейнымі кветнікамі ў два ярусы.

Даведка

Дом па адрасе Віленская, 14 быў пабудаваны каля 1900 года ў стылі эклектыкі. Двухпавярховы неатынкаваны цагляны дом, дэкаратыўнае аздабленне якога сканцэнтравана на парадных фасадах будынка. Дэкаратыўным акцэнтам дома з’яўляецца пяты фасад утвораны замест кута на павароце вуліцы. Тут быў некалі парадны ўваход, прыкрыты балконам-казырком. Будынак — прыклад цаглянага стылю з элементамі мадэрна.