Усе папулярныя гродзенскія забегі аб’яднаюць у адзін незвычайны турнір, пераможца якога атрымае 500 рублёў.

Усяго за час «Гродзенскай бегавой лігі» пройдзе сем стартаў, па выніках якіх і вызначаць найхутчэйшых бегуноў. Пра ўдзел у праекце папярэдне ўжо заявілі спартсмены з Польшчы і Літвы, піша «БЕЛТА».

Першыя старты новага турніра — гадзінны прабег «Гарадзенская вясна» — адбудуцца 10 сакавіка. 28 мая пройдзе «Гарадзенская Вандроўка». Незвычайныя трасы ў 5 і 10 км пракладзены па цэнтральнай частцы Гродна. Сярод іншых заліковых стартаў - паўмарафон на Аўгустоўскім канале, запланаваны на чэрвень, а таксама марафон дружбы «Гродна-Друскінінкай», рэгістрацыя на які ўжо пачалася.

У жніўні на схілах «Каробчыцкага Алімпа» пройдзе турнір «Гродзенская начная дзясятка». Яго ўдзельнікам пасля заходу сонца трэба будзе пераадолець 3 333 6 666 або 9 999 м. Увосень адбудзецца лёгкаатлетычны прабег па цэнтральных вуліцах Гродна Grodno Run. Вынікі сезона падвядуць на традыцыйным навагоднім міні-марафоне (4,2 км) у канцы снежня.

Удзельнічаць у «Гродзенскай бегавой лізе» могуць усе ахвотныя ў індывідуальным заліку, а таксама каманды клубаў, рэгіёнаў, арганізацый. Балы будуць налічваць ў залежнасці ад занятага месца і працягласці дыстанцыі на этапе. Абсалютных пераможцаў вызначаць сярод мужчын і жанчын. Кожны з іх атрымае 500 рублёў.