У Германіі адбыўся Чэмпіянат свету па бесфарбавальным выдаленні ўвагнутасцяў. Упершыню спаборнічаць з лепшымі майстрамі адправіліся і гродзенцы.
— Ехаць было страшна. Па-першае, нашы еўрапейскія калегі вялікія грошы ўкладаюць у куплю самага сучаснага інструмента, а па-другое, суддзі кантактуюць з удзельнікамі толькі на нямецкай, якой мы не ведаем, — расказвае autogrodno.by Андрэй Курачка. — У рэшце рэшт вырашылі рызыкнуць і сабралі каманду ад Гродна з трох чалавек, хоць на чэмпіянаце, вядома ж, кожны выступаў сам за сябе.
У Чэмпіянаце свету IASRE 2018 удзельнічалі 42 прафесіяналы з розных краін. У тым ліку быў і чэмпіён Японіі, якому прадказвалі высокае месца.Арганізатары выставілі на тэрыторыі 3 новенькіх VW Golf 7. На дзвярах і стойках аўтамабіляў ужо былі зробленыя ўвагнутасці. Кожны ўдзельнік сваім інструментам павінен быў на працягу гадзіны ліквідаваць дзве ўвагнутасці. Суддзі ацэньвалі як якасць, так і хуткасць работы.
— Калі суддзі запрасілі мяне да аўтамабіля, то рукі трэсліся настолькі, што нават апёкся пісталетам, разаграваючы матэрыял. А тут яшчэ праблема. Пад асноўнай увагнутасцю аказаўся дэфект дзвярэй, і спачатку трэба было ліквідаваць яго. Я ўзяўся за працу над няўлічаным дэфектам, але другі майстар з Гродна, Леанід, заўважыў, што я раблю лішняе, зразумеў у чым справа і паспрабаваў данесці гэта да суддзяў. Суддзя паглядзеў ды пайшоў, а я застаўся прыбіраць 3 ўвагнутасці, замест двух. У выніку, увагнутасць на стойцы ліквідаваў не да канца, — успамінае Андрэй. — Вядома, знерваваўся, але ўсё роўна быў задаволены вопытам удзелу.
Другі шанец
— Праз пару гадзін, гуляючы па зале, пачуў у гучнагаварыцель сваё імя. Балазе, што побач са мной быў немец, які ведае рускую мову. Ён дапамог разабрацца — мне даюць другі шанец. Зноў гадзіну часу і зноў дзве ўвагнутасці. На гэты раз ўвагнутасць на дзвярах каля ручкі і зноў стойка. Зоны каля ручак рамантаваць люблю менш за ўсё, але выбіраць не даводзіцца. Зноў пачаў працаваць і уклаўся ў 52 хвіліны, — успамінае Андрэй.
Па выніках судзейства Андрэй Курачка заняў 11-е месца, Леанід Ярэська — 13-е месца, а ў TOP-6 увайшоў беларус — Сяргей Двуракоўскі з Гомеля, за ім 4-ае месца чэмпіянату.— Самае вялікае расчараванне было ў японца, які нават не ўвайшоў у TOP-15. Ён потым яшчэ доўга спрачаўся з суддзямі, яго яшчэ раз ацэньвалі, але прызначаныя месцы пакінулі без зменаў. Першыя тры месцы занялі майстры з Германіі, — кажа Андрэй.
Жаданне ўдзельнічаць далей у такіх спаборніцтвах у гродзенцаў ёсць, але застаецца адкрытым фінансавае пытанне. Унёскі, дарога і пражыванне патрабуюць значных выдаткаў для ўдзельнікаў.«Плюс вялікі ў тым, што нас заўважылі ўладальнікі буйных еўрапейскіх сетак СТА, узялі нашы кантакты і сказалі, што будуць мець нас на ўвазе. Мы атрымалі добры вопыт, закупілі больш сучасны інструмент,» — кажа Андрэй.
Бліжэйшыя спаборніцтвы пройдуць у Расіі. Цяпер гродзенцы думаюць, ці ехаць туды ўдзельнічаць.