Моладзь слаба і вельмі вузка разумее патрэбы сталых людзей — такую выснову можна зрабіць пасля прагляду знятага па замове «Студыі карысных кампетэнцый» апытання на вуліцах Гродна.

У маладых гарадзенцаў пыталіся, ці лічаць яны Гродна горадам, прыязным да сталых людзей, і што трэба зрабіць, каб сталыя людзі адчувалі сябе ў горадзе яшчэ больш камфортна.

youtu.be/PlmVQXRpwD0

— Ідэя спытаць маладых людзей, ці прыязны наш горад да сталых людзей, з’явілася пасля таго, як мы летась зрабілі такое апытанне сярод сталых людзей, — кажа Лана Руднік, дырэктарка ўстановы «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый».

— Тады сталыя людзі агучылі вельмі шмат ідэяў, якія тычыліся паляпшэння гарадской інфраструктуры, магчымасцяў для працаўладкавання і занятасці сталых людзей, стаўлення да іх у грамадстве.

Ініцыюючы такое апытанне сярод моладзі, мы імкнуліся хаця б самой пастаноўкай пытанняў прыцягнуць іх увагу да таго, што побач з імі ў горадзе жывуць і сталыя людзі і што пра іх інтарэсы таксама трэба думаць і клапаціцца.

vimeo.com/185 029 385

Мяне ўразіла, што большаcць з апытаных увогуле не задумваліся і нічога не змаглі адказаць на нашыя пытанні. Тыя ж, хто адказваў, дэманстравалі вельмі вузкае бачанне патрэбаў сталых людзей — павышэнне пенсіі, лепшы доступ да медыцынскіх паслугаў, месцы ў грамадскім транспарце — гэта далёка не ўсё, што трэба сталаму чалавеку, каб адчуваць сябе шчаслівым і запатрабаваным.

Вельмі важна, каб у горадзе ствараліся пляцоўкі для адукацыі і развіцця сталых людзей, рэалізацыі іх творчага патэнцыялу, каб сталыя людзі мелі магчымасць падпрацоўваць, больш актыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадства".

«Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый» разам з грамадскім аб’яднаннем «Цэнтр «Трэці сектар» апошнія тры гады актыўна папулярызуюць ідэю далучэння Гродна да Глабальнай сеткі гарадоў і супольнасцяў, прыязных да сталых людзей (AgeFriendlyCities).

Гэта дазволіла б улічваць інтарэсы сталых людзей пры прыняцці ўсіх пытаняў, звязаных з развіццём горада (будаўніцтва, транспарту, адукацыі, медыцыны і г. д.).

Прачытаць пра тое, што ўжо зроблена ў гэтым накірунку, можна на сайце праграмы «Універсітэт Залатога Веку» — першай беларускай адукацыйнай пляцоўкі для сталых людзей, дзе толькі сёлета навучаецца каля 150 чалавек.