Прайшоў год пасля выбуху на цукровым заводзе ў Скідзелі, калі ад апёкаў загінулі чатыры жанчыны. Вінаватыя ў трагедыі дагэтуль не названыя.
— Расследаванне працягваецца. Чакаем вынікаў складаных экспертных даследванняў, — паведамілі Hrodna.life у Следчым камітэце.
Здарэнне адбылося ў ноч на 25 лютага побач з цэхам упакоўкі і фасоўкі цукру. Як паведамлялі тады следчыя, адбылася «ўспышка пылапаветранай сумесі без далейшага гарэння». Простымі словамі, пыл, які ішоў ад сыпанага цукру, выбухнуў. Паводле законаў фізікі, выбух адбываецца пры вялікай канцэнтрацыі пылу ў паветры.
У выніку пяць супрацоўніц завода 43−55 год атрымалі апёкі больш за палову цела. Дзве жанчыны засталіся ў гродзенскай больніцы, яшчэ трох перавезлі ў мінскі апёкавы цэнтр. Цягам некалькіх тыдняў чатыры пацярпелыя памерлі.
Выбух таксама пашкодзіў сцены, выбіў вокны.
Затрымалі трох падазраваных
Адразу ж у дзень здарэння узбудзілі крымінальную справу па факце службовай халатнасці. Польскія спецыялісты прыязджалі, каб дапамагчы расследаванню.
У маі стала вядома, што з’явіліся падазраваныя па крымінальнай справе. Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч паведаміў пра затрыманне трох супрацоўнікаў завода: галоўнага інжынера, начальніка цэха, у якім адбыўся выбух, і яго намесніка.
Крыху пазней з афіцыйнага сайта цукровага завода знікла імя галоўнага інжынера. Замест яго напісалі іншага чалавека, які выконвае абавязкі галоўнага інжынера.