Пра гэта распавяла галоўны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Юлія Савачкіна падчас рэспубліканскага кангрэсу «Мама Pro», піша Белта.
«Зараз Міністэрства аховы здароўя прыняло рашэнне ва ўсіх радзільнях, радзільных аддзяленнях, акушэрска-гінекалагічных аддзяленнях дазволіць наведваць жанчын пасля родаў. Каб яны не спускаліся ўніз, як раней, а тата ці іншыя члены сям'і маглі наведаць маму і дзіця ў палаце. На наш погляд, гэта будзе спрыяць пазітыўнай абстаноўцы ў сям'і, павышэнню даверу паміж бацькамі і доктарам» , — падкрэсліла Юлія Савачкіна.
Новая практыка будзе датычыць усіх родадапаможных установаў усіх узроўняў. Будзе распрацаваная лагістыка наведвання мам, каб сям’я магла атрымаць радасць моманту ў прыватнай абстаноўцы, не перашкаджаючы іншым жанчынам і не парушаючы рэжыму працы радзільні.
Да гэтага ў Гродзенскім перынатальным цэнтры, напрыклад, хтосьці з родных мог быць побач з маладой мамай у радзільні, толькі калі яна знаходзілася ў платнай палаце павышанага камфорту. Каштавала такая паслуга каля 40 рублёў на дзень.