Сёння ўначы ў 01.48 відавочца паведаміў у МНС пра пажар ў жылой хаце у вёсцы Неўда Навагрудскага раёна. Калі ратавальнікі прыехалі на месца, страха ўжо цалкам гарэла. Па словах відавочцаў, у хаце магла знаходзіцца жанчына, піша Белта.
Службоўцы газадымаабарончай службы адразу накіраваліся ў палаючы будынак. Калі ратавальнікі МНС знаходзіліся ўнутры дома, абваліліся балкі перакрыцця і дымаход печкі. Камандзір аддзялення старэйшы прапаршчык унутранай службы Дзмітры Зайко апынуўся заціснутым будаўнічымі канструкцыямі. Яго дасталі калегі і шпіталізавалі ў рэанімацыю. Ранкам ратавальнік памёр, распавялі пра здарэнне ў МНС.
Дзмітры Зайко служыў у органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях з 1996 года, усе пра яго казалі як пра дасведчанага ратавальніка і надзейнага сябра.
На месцы працуе камісія на чале з першым намеснікам міністра, якая дапамагае родным і высвятляе абставіны здарэння.