Зараз Марыя разам са сваім хлопцам Юрыем будзе начаваць у цяпле — у Доме начнога знаходжання на вуліцы Карскага. Пара, якая чатыры гады жыла ў лесе, звярнулася 26 лютага ў гарадское ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне. Там ім паабяцалі дапамагчы знайсці працу і начлег.
Пасля выхаду матэрыялу аб тым, што ў лесе на ўскраіне Гродна жыве маладая дзяўчына, яе пачалі шукаць зацікаўленыя службы, а таксама неабыякавыя грамадзяне. Людзі хацелі хоць неяк дапамагчы бяздомнай. У выніку Марыя разам з яе хлопцам Юрыем вырашыліся на сур’ёзны крок і самі звярнуліся ў гарадскія службы па дапамогу. Бо знайсці іх палатку ў лесе не кожны зможа.
«Апошнія моцныя маразы ў лесе пераносілі яшчэ нармальна. Калі было холадна, то заварвалі гарбату ў тэрмас, а пасля пілі ў намёце, — распавядае Марыя. — Звярнуліся ў службы мы раніцай у панядзелак, таму што хочам змяніць сваё жыццё: знайсці працу і жытло. Гарадскія службы ідуць нам насустрач і паабяцалі дапамагчы».
Возьмуць на смеццесартавальны завод. Вопыт ёсць
Ва ўпраўленні па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гродзенскага гарвыканкама пара сустрэлася з дырэктаркай Ліліяй Санюкевіч. Тая паабяцала дапамагчы з працай.
«Пагутарылі з дырэктарам мы добра. Мне прапанавалі некалькі вакансій. Ужо зараз у мяне ёсць дамоўленасць, што мяне возьмуць на смеццесартавальны завод. Я вельмі рада. Вопыт у зборы і сартаванні смецця ў мяне ўжо ёсць. Мойму хлопцу Юрыю прапанавалі часовыя грамадскія працы. З жыллём ужо дапамаглі - даюць месца ў «начлежцы», — дадала Марыя.
[irp posts="46 862″ name="Королевы красоты сортируют отходы! Первая белоруска на конкурсе Мисс Земля и первая Мисс Гродненского ЖКХ стали за конвейер мусоросортировочного завода"]
З аўторка 26 лютага пара пачне праходзіць медкамісію. На працу Марыя зможа выйсці калі атрымае пашпарт. У Доме начнога знаходжання распавялі Hrodna.life, што далейшы лёс бяздомных будзе залежаць толькі ад іх саміх. Калі будуць прытрымлівацца правілаў, то будуць жыць у «начлежцы». Там ім будуць дапамагаць вырашаць пытанні як з дакументамі, так і з далейшым працаўладкаваннем.