Велапаркоўкі ў выглядзе значных для горада будынкаў з’явяцца на новым турыстычным маршруце ў цэнтры Гродна, паведамляе БЕЛТА.
Пра гэта распавялі ў Гродзенскім абласным камітэце ГА “БРСМ”. Рэалізацыя праекта “Гродна турыстычны” будзе прымеркавана да Года малой радзімы.
Ідэю арганізаваць незвычайныя велапаркоўкі, якія будуць выкананы ў выглядзе знакавых для горада будынкаў або надпісаў, прапанавала група аўтараў з Гродзенскага прафесійнага ліцэя будаўнікоў на конкурсе “100 ідэй для Беларусі”.
Стварыў макет арыгінальнай велапаркоўкі для вуліц Гродна і прадставіў на конкурсе другакурснік будаўнічага Ліцэя № 1 Максім Вадзечка. Хлопец сам амаль штодзень ездзіць на ровары і пра неабходнасць велапарковак у горадзе ведае не па чутках. Ён вучыцца на зваршчыка і можа сам на базе ліцэя стварыць велапаркоўкі.
“Ініцыятыва будзе падтрымана. Рэалізацыя яе намечана на 2018 год. Велапаркоўкі звяжуць турыстычны маршрут, які будзе пракладзены па цэнтральнай частцы горада, – адзначылі ў абкаме. – Праект паспрыяе як павышэнню турыстычнай прывабнасці Гродна, так і развіццю веласіпеднага руху».
Цягам 5 гадоў за ўсталяванне велапарковак у Гродне змагаюцца актывісты грамадскага аб’яднання “ВелаГродна”. Вынікам кампаніі “Забяспеч сабе паркоўку!” стала на сённяшні момант больш за 300 велапарковак у горадзе. У 2012 годзе ў горадзе іх было ўсяго 12.