Рэжысёр з незвычайным імем Чакчы Фросноккерс паставіў у Гродне спектакль «Абяцанне на досвітку». Прэм’еру пакажуць у Тэатры лялек 28 лютага і 1 сакавіка.
Сапраўднае імя 23-гадовага рэжысёра — Дзмітрый Пятроў, аднак сваі працы ён выпускае пад псеўданімам. Нарадзіўся ў Паўднёва-Сахалінску ў сям'і лялечнікаў. Яго маці - актрыса Сахалінскага тэатра лялек. Там у 15 гадоў (!) Чакчы Фросноккерс дэбютаваў як рэжысёр.
«Я жыў у такой любові»
Спектакль «Абяцанне на досвітку», створаны паводле аўтабіяграфічнага рамана французскага пісьменніка Рамэна Гары, расказвае пра любоў маці і сына. Любоў самаадданую і ўсёпаглынальную. Прысвяціўшы сыну сваё жыццё, маці развівае ў ім гонар, талент, добрыя манеры і, як ні дзіўна, патрыятычныя пачуцці да Францыі.
Адказваючы на пытанне, як ён сам адносіцца да такой татальнай любові, Дзмітрый кажа: «Я жыў у такой любві. І мая маці з дзяцінства казала мне, што я павінен стаць вялікім рэжысёрам. І я абавязаны зрабіць гэта. Для яе, у тым ліку, і для сябе».
Легендарны тэатр
Дзмітрый — выпускнік Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў, аддзялення «Рэжысёр тэатра лялек». «Абяцанні на досвітку» — яго дыпломны праект. Гродзенская сцэна была абрана пляцоукай для пастаноўкі невыпадкова. «Я з’яўляюся мастацкім кіраўніком Малога тэатра лялек у Санкт-Пецярбургу, але справай гонару для мяне было прыехаць і зрабіць дыпломны спектакль менавіта тут. Бо Гродзенскі тэатр лялек — легендарны тэатр», — адзначае ён.
У пастаноўцы задзейнічаны пяць акцёраў. Ролю Сына выконвае Аляксандр Рацько. Пра выбар кандыдата на галоўную жаночую ролю рэжысёр кажа так: «Я вельмі хацеў, каб галоўную ролю адыграла дзівосная актрыса Ларыса Мікуліч. Тым больш, што яна — ідэальная Маці для гэтага спектакля. А потым аказалася, што ёсць партрэтнае падабенства з маці аўтара рамана».
Гумар і сэнс
«Абяцанне на досвітку» будзе цікавым спектаклем як для любой маці, так і для дарослых дзяцей. Кожны пазнае ў героях свае рысы характару, а ў іх адносінах — свае адносіны з бацькамі ці дзецьмі. Пры гэтым у пастаноўцы шмат гумару і глыбокага сэнсу.