Атрымаць адрасную паштоўку на арабскай мове з традыцыйным малюнкам, пачуць песні на мове ігба, даведацца ў чым складанасці іншаземцам вывучыць рускую, навучыцца заказваць піва на іспанскай і паслаць кагосьці ў кусты на літоўскай маглі гарадзенцы падчас «Жывой Бібліятэкі: мовы свету», якая прайшла ў Гродне 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы. Піша «За Кавай».

15 моваў за 1,5 гадзіны: у Гродне прайшла "Жывая Бібліятэка: мовы свету"
Памятковае сельфі з Мустафай, які распавядаў пра арабскую мову
Падчас мерапрыемства чуваць было мовы з цэлага свету. Гучала карэйская, кітайская і арабская, афрыканскія мовы ігба і ндаў, еўрапейскія: нямецкая, французская, польская, літоўская, румынская, сербская і іншыя. Былі і дзве афіцыйныя мовы нашай краіны — беларуская і руская.
15 моваў за 1,5 гадзіны: у Гродне прайшла "Жывая Бібліятэка: мовы свету"
Алёна з Расіі дыскутуе з удзельніцамі наконт цяжкасцей вывучэння рускай мовы

«Сёння, у Дзень роднай мовы, мы хацелі паказаць гэта багацце моваў, якія можам сустрэць на вуліцах Гродна. Мы часта забываем што побач жывуць і іншыя нацыянальнасці, што яны таксама размаўляюць на сваёй роднай мове. Такія мерапрыемствы дапамагаюць зразумець разнастайнасць нашага грамадства і наблізіць культуру тых, з якімі сустракаемся штодня, мінаем на вуліцах», — распавяла пра ідэю мерапрыемства арганізатарка Вольга Галецка.

У ролі спікераў выступалі носьбіты моваў - людзі, якія зараз жывуць у Гродне, але таксама тыя, хто вывучае замежныя мовы. Некаторыя жылі за мяжой і там пачалі іх вывучаць. Некаторыя вывучаюць іх у Гродне: на курсах ці самастойна.

15 моваў за 1,5 гадзіны: у Гродне прайшла "Жывая Бібліятэка: мовы свету"
Ганка, якая па валанцёрскай праграме працавала ў Румыніі, распавядае пра румынскую мову
Сярод носбітаў - Таффі з Зімбабвэ, якая падчас Жывой Бібліятэкі распавядала пра мову ндуў - адну з 16 афіцыйных моваў яе краіны. Па яе словах, такое мерапрыемства вельмі карыснае для тых, хто любіць іншыя мовы і культуры. «Я далучылася, бо хацела распавесці пра сваю мову, мне спадабалася ідэя таго, каб людзі распавядалі пра свае карані, хацела таксама падкрэсліць, якая існуе разнастайнасць культураў і моваў у Афрыцы», — распавяла Таффі.
15 моваў за 1,5 гадзіны: у Гродне прайшла "Жывая Бібліятэка: мовы свету"
Сумеснае фота з Таффі (першая злева ўвесре) і Іфуаняй (другая злева ўверсе), якія распавядалі пра мову ндуў і ігба
На Жывую Бібліятэку прыйшла таксама спадарыня Тамара: паслухаць пра нямецкую, літоўскую і карэйскую мовы. Такі выбар — невыпадковы. У маладосці яна жыла нейкі час у Паўночнай Карэі, а кар’еру фармацэўткі пачынала ў Друскеніках, дзе прыйшлося камунікаваць таксама на літоўскай мове. Таму ёй цікава было пачуць пра мовы, з якімі яны сутыкалася раней.
15 моваў за 1,5 гадзіны: у Гродне прайшла "Жывая Бібліятэка: мовы свету"
Рая з Нямеччына і спадарыні Тамара з Гродна падчас размовы пра нямецкую мову
Гарадзенская «Жывая Бібліятэка: мовы свету» — толькі маленькая частка адзначэння свята, якое ў гэты дзень ахоплівае цэлы свет. Міжнародны Дзень Роднай Мовы адзначаецца з 1999 году. Дзень 21 лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.

15 моваў за 1,5 гадзіны: у Гродне прайшла "Жывая Бібліятэка: мовы свету"

Калі вы жадаеце вывучаць замежныя мовы і сустракаць аднадумцаў, арганізатары «Жывой Бібліятэкі» — ГА «Цэнтр «Трэці сектар» — запрашаюць далучыцца да штотыднёвага мерыпрыемства «Tandem Evenings in Hrodna», падчас якога зможаце камунікаваць на розных мовах свету. Кожны тыдзень тут гучаць французская, нямецкая, польская, англійская, іспанская.