У Мінску такі метад выкарыстоўваюць ужо даўно, у Гродне пачалі практыкаваць зусім нядаўна. Таму дактары яшчэ мусяць высветліць плюсы баратэрапіі для маленькіх дзяцей. Пра гэта сюжэт на Гродна Плюс.

Гэта самы маленькі пацыент, якому прызначылі баратэрапію — лекаванне кіслародам. Хлопчыку ўсяго месяц, працэдуру ў баракамеры малое праходзіць з дапамогай доктара-неанатолага. Гэтак больш бяспечна і эфектыўна. Дзіця побач з дарослым адчувае сябе спакойна і можа расслабіцца падчас тэрапіі.

Ірына Кротава, урач-неанатолаг Гродзенскай бальніцы хуткай дапамогі, тлумачыць, у якіх выпадках малым патрэбная баратэрапія:

— Часцей за ўсё праблемы ў малых бываюць з-за недастатковага паступлення кісларода і пажыўных рэчываў падчас цяжарнасці. Такія дзеці пасля нараджэння могуць мець праблемы з рухамі. Каб пазбавіцца наступстваў на нервовую сістэму, прымяняюць гэты метад лячэння. Пасля гэтага дзеці хутчэй аднаўляюць фізіялагічныя рэфлексы і набіраюць вагу.

Поўны курс лячэння пад павышаным ціскам для дзяцей, нават з першых дзён жыцця, доўжыцца 5 сеансаў. Першы раз — цягам 15 хвілін, а ў канцы сеанс можа дасягаць і паўгадзіны.

Згодна з дадзенымі новага даклада Дзіцячага фонда ААН (ЮНІСЕФ), Беларусь увайшла ў топ-10 краін свету з самай нізкай дзіцячай смяротнасцю. Самая спрыяльная краіна для нованароджаных — Японія. Беларусь размясцілася на восьмым радку рэйтынга з паказчыкам смяротнасці 1 з 667 немаўлят, паведамляе БелТА.