Трэцяя перамога запар гродзенцаў далася няпроста. У Жлобіне ў панядзелак 19 лютага каманда Сяргея Пушкова толькі ў авертайме здолела абыграць мясцовы «Металург».

Матч у Жлобіне для гарадзенцаў атрымаўся традыцыйна цяжкім. Па ходзе сустрэчы камандзе Cяргея Пушкова двойчы даводзілася адыгрывацца. Толькi ў трэцім перыядзе «Нёман» здолеў выйсці наперад, але доўга не здолеў утрымаць сваю перавагу. Гульня ў выніку перайшла ў авертайм і там гарадзенцам спатрэбілася ўсяго 46 секунд, каб завяршыць сустрэчу ў сваю карысць.

“Металург” – “Нёман” 3:4 (АВ) (0:0, 2:1, 1:2, 0:1)

галы:
30:54 1:0 – Осіпаў (Кашкар, Анікін)
33:06 1:1 – С.Маляўка (Мятлюк, – мен.)
37:47 2:1 – Бусiлка (Пастухоў, Яскевіч, – бол.)
44:09 2:2 – Стэфановіч (Коршунаў, Е.Сцяпанаў, – бол.)
44:40 2:3 – Пасют (С.Маляўка, А.Маляўка)
45:15 3:3 – Нікіцін (П.Сцяпанаў, Вергуноў)
60:46 3:4 – Ляўша (Рэмезаў)

Галоўны трэнер «Нёмана» Сяргей Пушкоў пасля матчу адзначыў, што ў яго каманды ў чарговы раз пакутуе рэалізацыя.

– Напружаны матч атрымаўся. Абедзве каманды біліся за перамогу, мы мелі добрыя шанцы забіць у большасці, але, на жаль, не змаглі іх рэалізаваць. Малайцы, што змаглі праявіць характар ​​у патрэбны момант, і сабрацца, калі гаспадары павялі ў ліку. Парадавала, што хутка скончылі гульню ў авертайме. Хлопцы разумеюць, што зараз да кожнага матчу трэба падыходзіць вельмі адказна. Рэалізацыя, вядома, пакутавала, але тут і добрая гульня брамніка супернікаў сказала сваю справу.

За тры туры да канца рэгулярнага чэмпіянату, «Нёман» працягвае лідзіраваць у турнірнай табліцы і мае ў сваім актыве 93 ачкамі. На другім месцы ідзе мінскае “Юнацтва” – 85 ачкоў

Свой наступны матч «Нёман» правядзе ў Гомелі, дзе згуляе з мясцовай камандай.