Беларускамоўныя садкі і групы з беларускай мовай навучання створаныя, а іх колькасць у многім залежыць ад бацькоў. Пра гэта заявіла на прэс-канферэнцыі 19 лютага ў Мінску галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна, піша сайт naviny.by.

«Можа быць, іх не столькі, колькі нам хацелася б бачыць, але гэта таксама залежыць ад нас з вамі - ад грамадства і да таго, якая колькасць дзяцей збіраецца, каб для іх адкрыць тую ці іншую групу, — сказала чыноўніца. — Нават калі няма ўмоваў для стварэння беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку, наколькі я ведаю са сваёй практыкі, створаныя неабходныя ўмовы, каб развіваць беларускамоўнае асяроддзе. У прыватнасці, праводзяцца ранішнікі, заняткі з дзецьмі на беларускай мове, чытанне беларускай літаратуры».

Сапраўды быць больш актыўнымі ў справе выхавання і навучання сваіх дзяцей па-беларуску ўвесь час заклікае Таварыства беларускай мовы. Бо чым больш будзе заяў у беларускія групы ў садках і класы ў школах, тым больш будзе магчымасцяў для іх адкрыцця ў мікрараёнахах, а праз пэўны час новага садка і новай школы (ліцэя, гімназіі).

Цяпер у Гродне па-беларуску вучацца больш за 60 школьнікаў, а ў садках у беларускамоўных групках выхоўваюцца больш за 50 дзяцей.

У дзіцячых садках па-беларуску дзеці могуць выхоўвацца ў садку № 45 вул.Сухамбаева) і № 65 (вул.Рэпіна, 7).

Калі казаць пра школы, то найбольш запатрабаванымі на сёння з’яўляюцца СШ№ 32(Ленінскі раён), СШ№ 34 (Кастрычніцкі раён), якія маюць шматгадовы прафесійны вопыт арганізацыі беларускага навучання. Школы знаходзяцца ў цэнтры мікрараёнаў Дзевятоўка і Вішнявец.

У Гімназіі № 7 і № 10, дзе асобнага беларускага класа няма, навучаецца таксама некалькі дзяцей па-беларуску.

Калі ў абласных цэнтрах сітуацыя з беларускамоўным навучаннем крыху змяняецца да лепшага, то ў раённых цэнтрах знайсці беларускамоўны садок ці групу, клас значна больш складана. Гэтак у Слоніме не знайшлося ніводнага беларускамоўнага класа. Бацька дзвюх дзяўчынак са Слоніма напісаў ліст у Міністэрства адукацыі з пытаннем: як ягоныя дочкі могуць скарыстацца канстытуцыйным правам — навучацца па-беларуску? Адказ атрымаў з упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама: дзецям прапануюць вывучаць родную мову на факультатывах і ў гуртках па інтарэсах.

У той жа час Акадэмія навук выказалася за тое, каб увесці абавязковае тэсціраванне па абодвум дзяржаўным мовам. Першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук па навуковай працы Аляксандр Лукашанец адзначыў, што роля дзяржаўнай сістэмы адукацыі ў павелічэнні беларускамоўнай кампетэнцыі вельмі важная:

«Калі мы гаворым аб прынцыпах дзяржаўнага дзвюхмоўя, пра дзеючае моўнае заканадаўства, то я лічу, што ўжо настаў час ставіць пытанне пра аднолькавыя падыходы і патрабаванні да ацэнкі ведаў па абодвум дзяржаўным мовам».

Зараз пасля 11 класа школьнікі здаюць экзамены па адной з моваў на выбар і часцей аддаюць перавагу рускай мове, піша сайт naviny.by.

[irp posts="23 077″ name="Беларуская мова ў школах не патрэбная гродзенцам, або Калі на Гродзеншчыне цалкам знікне навучанне на мове тытульнай нацыі"]