Інтэрнэт-ашуканцы выманілі ў гарадзенскага майнера 865 фунтаў стэрлінгаў, піша прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Ахвярай махляроў стаў 20-гадовы жыхар Гродна. Ён збіраўся набыць абсталяванне для майнінгу крыптавалют. Прапанова ў інтэрнэце яго зацікавіла выгаднай цаной: прыблізна ўдвая танней, чым у іншых месцах.
«Хлопец з дапамогай сістэмы банкаўскіх пераводаў адправіў грошы ў Вялікабрытанію. 865 фунтаў стэрлінгаў там паспяхова абналічылі. Толькі тавар пакупніку так і не даставілі», — распавялі ў міліцыі.
Цяпер па ч.1 арт.209 КК (махлярства) распачата крымінальная справа. Як адзначылі ў прэс-службе УУС, праваахоўныя органы Гродзенскай вобласці пастаянна сутыкаюцца з фактамі махлярства ў інтэрнэце. Значная іх частка звязана з набыццём тавараў за мяжой і здзяйсняецца, як правіла, за межамі краіны. Каб выключыць падобныя выпадкі, варта набываць на правераных гандлёвых пляцоўках і ў прадаўцоў з добрай гісторыяй, а таксама правяраць прадаўца перад здзелкай. Асаблівую ўвагу варта звяртаць на тавары, прапанаваныя па заведама нізкай цане.