14 лютага 52-ы асобны спецыялізаваны пошукавы батальён УС РБ у Гродне пачаў пошукавыя работы на тэрыторыі, дзе ўзводзяць гандлёва-забаўляльны цэнтр «TRINITI», піша “Перспектыва“.
Нагадаем, што 11 лютага побач з галоўнай будаўнічай пляцоўкай (з боку гарадской бальніцы №4) падчас правядзення земляных работ знайшлі парэшткі, як мяркуецца, трох салдат, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго – спадарожныя прадметы.
На месца прыехалі прадстаўнікі міліцыі, следчага камітэта, камітэта судовых экспертыз, ваенкамата. Як распавёў вядучы спецыяліст групы сацыяльнай абароны і пенсійнага забеспячэння ваенкамата горада Гродна і Гродзенскага раёна Алег Назараў, у ліку знойдзеных прадметаў, якія перадалі для праверкі ва Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці, – кацялок, лыжка, процігаз, 133 патроны рознага калібра, гільзы, элементы зброі (ствалы), а таксама медальён.

Медальён утрымлівае ў сабе лісток паперы з інфармацыяй пра вайскоўцаў. Магчыма, па ім спецыялісты змогуць высветліць асобу загінулага. Цяпер на месцы няўлічанага вайсковага пахавання працуе пошукавы батальён.
– 14 лютага асабовым складам роты на глыбіні 1 метра 20 сантыметраў знайшлі парэшткі вайскоўца. На гэтым жа ўчастку – гадзіннік і ланцужок да яго, савецкія манеты і, што вельмі важна, медальён, – адзначыў камандзір роты 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна маёр Павел Галецкі. – Апошні будзе дасланы ў Менск ва Упраўленне па ўвекавечанню памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў для правядзення экспертызы і ідэнтыфікацыі асобы вайскоўца.

Магчыма, дзякуючы гэтым звестках удасца знайсці сваякоў загінулага. Пошукавыя работы будуць доўжыцца да эксгумацыі апошняга салдата.
Ёсць версія, што тут знойдзены астанкі вайскоўцаў, якія загінулі ў 1941 годзе падчас абароны горада.