У Дзень святога Валянціна ў гандлёвым доме «Нёман» урачыста адкрылі першы ў Гродне панарамны ліфт, а таксама абноўленае бістро «Большой буфет». Цяпер там можна паесці з відам на стары горад.
Ліфтам, які адразу дастаўляе ў кафэ на чацвёрты паверх, без прыпынкаў па дарозе, можа карыстацца кожны наведвальнік гандлёвага дома, пры гэтым падымацца на ліфце можна будзе і пасля закрыцця «Нёмана».
Новыя плошчы «Вялікага буфета» размясціліся там, дзе раней былі офісы адміністрацыі гандлёвага дома. Сталы размешчаныя так, каб кліенты змаглі палюбавацца прыгажосцю старога Гродна з вышыні.
https://www.instagram.com/p/BfLBplMA6sa/?taken-by=raslkulevich
Старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, які прыйшоў на адкрыццё, адзначыў, што новыя месцы прыцягнуць у горад яшчэ больш гасцей.
«Было шмат праблем з адкрыццём гэтых месцаў, але ўсё здолелі прайсці і рэалізаваць. Наступны этап — кафэ на даху гандлёвага дома з выдатным відам на наш горад. Я спадзяюся, гэты праект хутчэй пойдзе, а ў будучыні стане яшчэ адной візітнай карткай Гродна для турыстаў».
З адкрыццём новай залы агульная колькасць месцаў у «Вялікім буфеце» павялічылася да 180. Частка новай зоны будзе даступная і для браніравання. Час працы ўстановы з 12.00 да 23.00. У будучыні магчыма правядзенне вечарынак і падаўжэнне працы.