12 лютага двух белагорлых варанаў назаўжды прапісалі ў гродзенскім заапарку. Экзатычных жывёл прывезлі сюды ў канцы лістапада. Яны патрапілі ў заапарк літаральна з цягніка «Калінінград — Масква», дзе ў кацельні ў кантэйнеры, схаваным у сумку, іх знайшла і канфіскавала мытня, піша «Гродзенская праўда».

Рэптыліі былі ў стане анабіёзу. У заапарку іх чакаў каранцін працягласцю некалькі тыдняў. Але зараз вараны асвоіліся на новым месцы.

Як распавёў дырэктар заапарка Алег Жданкін, да нядаўняга часу лёс гэтых жывёл быў невядомы, бо іх знаходжанне ў заапарку не было рэгламентавана ніякімі дакументамі. Зараз жа статус экзатычных гасцей вызначаны — яны атрымалі гродзенскую «прапіску» і застануцца жыць тут.

Экзатычныя вараны, якіх канфіскавала мытня, застануцца жыць у гродзенскім заапарку

— Гэта велізарнае набыццё для гродзенскага заапарка, — лічыць Алег Жданкін. — Спадзяюся, гэтыя два буйныя вараны ўпрыгожаць нашу экспазіцыю. Думаю, іх хутка палюбяць дзеці, якія прыходзяць да нас.

Не кожны заапарк можа пахваліцца ўтрыманнем белагорлых варанаў, якія жывуць у асобных рэгіёнах Афрыкі. У калекцыях на прасторах СНД яны практычна не сустракаюцца. Толькі ў Заходняй Еўропе ёсць 2−3 заапаркі, дзе жывуць такія рэптыліі.

[irp posts="40 579″ name="Канфіскаваных мытняй варанаў перадалі Гродзенскаму заапарку (+відэа)"]

Экзатычныя вараны, якіх канфіскавала мытня, застануцца жыць у гродзенскім заапарку